Мінск 18:27

Новым спікерам КР абраны Арцём Брухан

Крыніца: прэс-служба КР

14 траўня, Позірк. Большасцю галасоў дэлегатаў Каардынацыйнай рады (КР) сябра фракцыі “Каманда Латушкі і рух “За Свабоду”, супрацоўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан абраны яго новым спікерам.

Як паведаміла прэс-служба КР, у галасаванні, якое праходзіла з 13 па 14 траўня, прынялі ўдзел 69 з 79 дэлегатаў.

34-гадовы Брухан атрымаў 50 галасоў, яго апанент 51-гадовы экс-бізнэсмэн, прадстаўнік фракцыі “Беларусы” Аляксандр Кныровіч — 11. Восем чалавек устрымалася.

У сваёй праграме Брухан абяцаў: заснаваць пасаду другога віцэ-спікера ў КР, зарэгістраваць КР як юрыдычную асобу “ў максімальна сціснутыя тэрміны”, стварыць бюджэтную камісію і “дабіцца справаздачы выкарыстання фінансавых сродкаў КР другога склікання”.

Таксама сярод пунктаў — падтрымка беларусаў замежжа і “прыярытызацыя працы ўнутры Беларусі, арганізацыя публічных слуханняў Аб’яднанага пераходнага кабінета да штогадовай канферэнцыі “Новая Беларусь“, падрыхтоўка да выбараў у КР чацвёртага склікання.

Акрамя таго, Брухан абяцае правесці слуханні “па рэформах у розных сферах з публічным абмеркаваннем экспертамі і грамадзянскай супольнасцю”, стварыць анлайн-рэестр рашэнняў і галасаванняў КР у адкрытым доступе.

Брухан — былы супрацоўнік Брэсцкага аблвыканкама.

Пасада спікера КР аказалася вакантнай пасля знікнення ў канцы сакавіка Анжалікі Мельнікавай, якая яе займала.

Падзяліцца: