Мінск 14:30

Лукашэнка: Я быў заўсёды за захаванне Еўрасаюза

Відэазапіс: "Пул Первого" / стоп-кадр: "Позірк"

20 красавіка, Позірк. “Як бы да мяне яны (ЕС. — “Позірк”.) ні ставіліся, вы ведаеце, калі ўважліва сачылі за маёй палітыкай: я быў заўсёды за захаванне Еўрасаюза“, — такое сцвярджэнне зрабіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю прапагандысцкаму тэлеканалу RT (раней Russia Today), якое ўзяў яго супрацоўнік амерыкана-кубінскага паходжання Рык Санчас.

“Не таму, што яны дружалюбныя нам і [я] спрабаваў выбудоўваць стасункі з імі, а таму што Еўрапейскі саюз, Злучаныя Штаты Амерыкі, Кітай, Індыя, якая адраджаецца, Расія — гэта апоры планеты. І чым больш такіх апор, тым устойлівей будзе сама планета. Я з гэтага філасофскага сэнсу зыходзіў і падтрымліваў Еўрапейскі саюз“, — сказаў Лукашэнка.

“Асноўным няўдачай” ЕС ён назваў “бяздумную палітыку”. “Яны не думаюць наперад. Вось да гэтага дня яны больш за ўсё абапіраліся на Амерыку і думалі, што Амерыка прыйдзе і вырашыць іх усе пытанні. А Трамп ім паказаў, што вашыя пытанні — гэта вашыя, яны не маюць дачынення да Амерыкі, хоць маюць, але [ён] дыстанцыяваўся ад Еўрапейскага саюза, ад Еўропы, ад НАТО нават. А яго пытанні амерыканскія — гэта яго пытанні. Ну і іншыя, якія ў інтарэсах Злучаных Штатаў, як Венесуэла, Куба, у Іране збольшага, ну і барацьба, сутыкненне з Кітаем“, — заявіў суразмоўца Санчаса.

На думку Лукашэнкі, ЕС “павінен быў даўно паставіць перад сабой не толькі стратэгічную мэту, але і тактычную: быць самастойнай апорай гэтай планеты“.

Інтэрв’ю было ўзятае 17 красавіка. Прэс-служба Лукашэнкі расцягнула яго публікацыю на некалькі дзён. Цытаты прыведзеныя па відэафрагментах.

Лукашэнка і яго рэжым знаходзяцца пад санкцыямі ЕС за масавыя парушэнні правоў чалавека падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, прымус да пасадкі ў Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair, які рухаўся з Афін у Вільнюс праз беларускую паветраную прастору (у траўні 2021 года), саўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны (з лютага 2022 года).

Падзяліцца: