Мінск 04:14

Гурт VOLSKI не будзе выступаць на фэсце OUTLOUD у Варшаве 12 чэрвеня, калі ў РФ адзначаецца “Дзень Расіі”

18 красавіка, Позірк. Гурт VOLSKI адмовіўся выступаць на фэсце OUTLOUD у Варшаве 12 чэрвеня, вынікае з паведамлення лідара калектыву, вядомага рок-музыкі Лявона Вольскага.

“Мы вельмі добра ставімся да ўдзельнікаў гэтае маштабнае акцыі і хацелі падтрымаць іх у выказваньні антываеннай, антытаталітарнай пазыцыі, але так супала, што 12 чэрвеня, то бок у час нашага меркаванага выступу, людзі, якія вызнаюць іншыя, адрозныя ад нашых, каштоўнасці, будуць святкаваць так званы “Дзень Расеі”, — напісаў ён на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

На думку Вольскага, выступ яго гурта ў гэты дзень “можа быць няслушна зразуметы і нават выкарыстаны варожымі сіламі ў іх дэструктыўных інтарэсах”. “Яшчэ раз выказваем сваю падтрымку ўдзельнікам OUTLOUD і да сустрэчы наступным разам”, — падсумаваў музыка.

Фэст OUTLOUD будзе праходзіць на варшаўскай пляцоўцы Letnia Scena Progresji 12–13 чэрвеня. У першы дзень, калі на сцэну меўся выйсці гурт VOLSKI, заяўленыя выступы расійскіх выканаўцаў Noize MC, “Монеточка”, “Машина Времени”, “Аквариум” (Boris Grebenshchikov & Aquarium), украінскага праекта 20TOKENS. У другі дзень — “Би-2” (гурт з беларускімі каранямі, але папулярнасць здабыў, працуючы ў РФ), “Порнофильмы”, “Каста”, Stoptime (усе — Расія), J:МОРС (Беларусь), Zakroyyy (Латвія).

Усе згаданыя беларускія выканаўцы — вымушаныя эмігранты.

Падзяліцца: