Мінск 17:56

За перамяшчэнне і захоўванне 28 кг псіхатропу затрыманыя грамадзяне Беларусі і Латвіі — мытныя органы

20 траўня, Позірк. Супрацоўнікі аператыўнай мытні і падраздзяленняў наркакантролю Мінскай вобласці затрымалі злачынную групу, якая арганізавала перамяшчэнне праз мяжу 28 кг небяспечнага псіхатропу “4 СМС“, паведаміў 19 траўня інтэрнэт-партал мытных органаў Беларусі.

Паводле яго звестак, торба з партыяй забароненага рэчыва была выяўленая ў лесапаласе недалёка ад мытнага паста “Маладзечна”.

Адзначаецца, што Маладзечанскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу за захоўванне псіхатропных рэчываў у асабліва буйным памеры.

Паводле даных мытні, выяўлены псіхатроп завезлі на тэрыторыю ЕАЭС у тайніку, абсталяваным пад падлогай парожняга вагона, які рухаўся з Латвіі.

“Удзельнікі злачыннай схемы — двое грамадзян Беларусі і грамадзянін Латвіі, якія не падазравалі аб тым, што аператыўнікі праводзяць вышуковыя мерапрыемствы, затрыманыя. Іх дачыненне да здзейсненага злачынства даказанае, і яны ўжо даюць прызнальныя паказанні“, — гаворыцца ў матэрыяле.

Сцвярджаецца, што “партыя“ 4 СМС“ прызначалася для рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі і Расіі шляхам драбнення на дробныя дозы“, і паведамляецца, што “ўдзельнікаў схемы чакае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 15 гадоў”.

9 красавіка Дзяржпагранкамітэт паведамляў аб затрыманні ў Мінску трох “непаўналетніх наркакур’ераў”, грамадзян Беларусі. Затрыманне было праведзенае 3 красавіка супрацоўнікамі ДПК сумесна прадстаўнікамі МУС “падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраваных на спыненне канала пастаўкі наркотыкаў“ на тэрыторыю Беларусі.

“У закладчыкаў выяўлена асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва — 4 СМС або клефедрон, якое характарызуецца асаблівай таксічнасцю для арганізма, з высокай рызыкай як псіхічных, так і фізічных ускладненняў”, — гаварылася ў паведамленні. Заяўлялася аб канфіскацыі 3 кг псіхатропу па месцы жыхарства затрыманых, а таксама “ў тайніку ў Мінскай вобласці”.

Паводле інфармацыі Дзяржаўнага мытнага камітэта, у 2024 годзе канфіскавана 1.622 тоны наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў — амаль у два разы больш, чым за папярэдні год. Зафіксавана 553 факты кантрабанды і незаконнага абароту наркотыкаў, узбуджана 310 крымінальных спраў — на 13% больш, чым у 2023-м.

Падзяліцца: