Мінск 20:13

Палітзняволеныя адвакаты — сведчанне сістэмных парушэнняў правоў чалавека, заяўляюць праваабаронцы

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

21 траўня, Позірк. Наяўнасць адвакатаў у спісах палітычных зняволеных — гэта “трывожны сігнал, які сведчыць пра сістэмныя парушэнні правоў чалавека і прынцыпаў правасуддзя”, заявіла Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека 21 траўня з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.

Адзначаецца, што шэраг беларускіх адвакатаў па-ранейшаму ў зняволенні, прычынай іх пераследу ёсць прафесійная дзейнасць — “абарона правоў кліентаў, вернасць прафесійнаму абавязку і захаванне адвакацкай этыкі”.

“Максім Знак, Віталь Брагінец, Анастасія Лазарэнка, Юлія Юргілевіч, Аляксандр Данілевіч і Аляксей Бародка — прадстаўнікі адвакацкай супольнасці, што былі пазбаўленыя волі ў сувязі з выкананнем сваіх прафесійных абавязкаў, — гаворыцца ў заяве. — Іх справы дэманструюць крытычны стан прававой сістэмы ў Беларусі, у тым ліку разбурэнне інстытута адвакатуры і правы на абарону. Пераслед адвакатаў у краіне працягваецца. Гэта азначае, што рэальныя маштабы рэпрэсій у дачыненні да адвакацкай супольнасці значна большыя”.

Праваабаронцы выказалі салідарнасць з усімі несправядліва пазбаўленымі свабоды і заклікалі неадкладна вызваліць усіх беларускіх палітвязняў.

За 2024 год у краіне стала больш на пяць адвакатаў, паведаміў старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў на пасяджэнні савета БРКА, якое адбылося 26 лютага ў Мінску.

На сёння ў краіне 1.605 адвакатаў, сказаў ён; юрыдычных кансультацый, у якіх яны адсутнічаюць, “не маецца”.

Пра тое, што ў Беларусі засталося 1,6 тыс. адвакатаў-практыкаў, сведчылі абнародаваныя ў студзені даныя міжнароднай абсерваторыі “Юрысты ў небяспецы” (OIAD).

Арганізацыя адзначала, што ў 2021 годзе ў краіне практыкавала 2,2 тыс. адвакатаў. Такім чынам, за чатыры гады іх колькасць скарацілася больш як на 27%.

Паводле яе звестак, у 2020–2024 гадах сама меней адзінаццаці беларускім адвакатам выставілі абвінавачанні ў рамках крымінальных спраў, шэсць адвакатаў знаходзяцца за кратамі, чатыры “зазналі катаванні падчас затрымання”, не менш як 139 пазбаўленыя права на прафесію.

Актыўны пераслед уладамі прадстаўнікоў адвакатуры пачаўся пасля падзей 2020 года. Перыядычна іх пазбаўляюць ліцэнзій, шэраг адмыслоўцаў змушана выехаў з краіны.

Міжнародны дзень салідарнасці з беларускімі палітычнымі зняволенымі заснаваны праваабарончым рухам і адзначаецца 21 траўня. Менавіта ў гэты дзень у 2021 годзе палітзняволены актывіст Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі №17 (Магілёўская вобласць) пры загадкавых абставінах.

На 21 траўня беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 1.183 чалавекі, аднак людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій у той ці іншай форме, нашмат больш.

Падзяліцца: