Мінск 19:24

Хрэнін абвінаваціў “асобныя краіны заходняй меншасці” ў ваенных падрыхтоўках

Фота: прэс-служба Мінабароны

21 траўня, Позірк. Фармат правядзення выставы ўзбраення і вайсковай тэхнікі MILEX-2025 “пацвярджае адкрытасць” Беларусі і яе зацікаўленасць у “развіцці супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі ў сферы гарантавання бяспекі”, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін 21 траўня ў Мінску на адкрыцці гэтага форуму.

Чыноўнік заявіў, што краіна адкрыта праводзіць выставу “ва ўмовах эскалацыі рэгіянальнай напружанасці і актывізацыі ваенных падрыхтовак асобнымі краінамі заходняй меншасці, якія сталі на шлях адкрытага рэваншызму”.

Канкрэтныя краіны міністр не назваў, аднак раней улады неаднаразова папракалі суседнія дзяржавы Еўрасаюза ў мілітарызацыі і абвінавачвалі ў выношванні агрэсіўных планаў у дачыненні да Беларусі. Варта адзначыць, што Польшча і краіны Балтыі сапраўды сталі больш увагі надаваць сваёй абароназдольнасці — на фоне распачатай Расіяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

“Адкрытасць” Беларусі пры правядзенні выставы зброі, на думку Хрэніна, “садзейнічае кансалідацыі намаганняў народаў добрай волі, аб’яднаных агульным імкненнем захаваць мір і стабільнасць ва ўсіх рэгіёнах планеты”.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі ўзоры ўзбраення і вайсковай тэхнікі, паводле слоў кіраўніка Мінабароны, “адлюстроўваюць асноўныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця сусветнага рынку ўзбраенняў, у тым ліку ў галіне высокіх тэхналогій і штучнага інтэлекту”. Гэта, як сцвярджае міністр, “пераканаўча дэманструе вялізны навукова-тэхнічны і прамысловы патэнцыял” Беларусі. Частка прадстаўленых узораў, паводле яго слоў, ужо прынятая на ўзбраенне беларускай арміі.

“Відавочна, што развіццё ўласнага вайскова-прамысловага комплексу, які адпавядае апошнім тэндэнцыям, з’яўляецца неабходнай умовай існавання моцных нацыянальных Узброеных сіл і гарантыяй таго, што з дзяржавай будуць лічыцца на сусветнай арэне”, — сказаў Хрэнін.

Раней “Позірк” паведаміў, што на MILEX-2025 сваё ўзбраенне і вайсковую тэхніку экспануюць шэсць краін — Беларусь, Індыя, Іран, Кітай, Пакістан і РФ.

Падзяліцца: