Мінск 21:37

Прадстаўнікі шэрагу дыпмісій прыйшлі да суда ў Мінску, каб падтрымаць 78-гадовую актывістку Багінскую

Фота ў сацсетках амбасады Германіі ў Беларусі

30 траўня, Позірк. Прадстаўнікі шэрагу дыпламатычных місій у Беларусі прыйшлі да суда Першамайскага раёна Мінска (месціцца ў адным будынку з судом Савецкага раёна), каб выказаць салідарнасць з 78-гадовай актывісткай Нінай Багінскай, крымінальны працэс па справе якой распачаўся 30 траўня.

Амбасада Германіі ў Беларусі, якая паведаміла пра акцыю салідарнасці, падкрэсліла, што “абвінавачанні, высунутыя супраць яе, несправядлівыя і палітычна матываваныя”.

Раней праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў, што жанчыну абвінавачваюць паводле арт. 3422 КК (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Нагодай для крымінальнага пераследу сталі шпацыры актывісткі з бел-чырвона-белым значком на вопратцы і дэманстрацыя нацыянальнай сімволікі на вуліцах Мінска ў 2024 годзе.

Гэта сёмая справа паводле згаданага артыкула, якая дайшла да суда з моманту ўвядзення ў Крымінальны кодэкс у 2021 годзе, звярнулі ўвагу праваабаронцы.

Санкцыі арт. 3422 КК у выпадку неаднаразовага здзяйснення правапарушэння — арышт; абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў. Кваліфікаваць дзеянні на падставе гэтага артыкула могуць, калі чалавека двойчы цягам аднаго года асудзілі ў адміністрацыйным парадку за правапарушэнні паводле арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).

Праваабаронцам вядома, што Багінская ў 2024 годзе тройчы прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці паводле вышэйзгаданага артыкула за “несанкцыянаванае пікетаванне”. Агульная сума штрафаў склала 180 базавых велічыняў (на той момант 7.200 рублёў). Акрамя таго, у дачыненні да яе складзена яшчэ пяць пратаколаў.

Напрыклад, 19 кастрычніка 2024 года на актывістку склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП за тое, што яна трымала плякат з надпісам “БНФ”. Жанчына хацела дайсці да будынка на вул. Варвашэні, 8, дзе працяглы час месціўся офіс Беларускага народнага фронту.

Ніна Багінская ўдзельнічае ў акцыях апазіцыі з 1988 года, падчас вулічных шэсцяў пры ёй заўсёды вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Яна стала адным з сімвалаў мірных пратэстаў у 2020 годзе.

У кастрычніку 2020 года Аляксандр Лукашэнка публічна папрасіў не затрымліваць яе: “Вы глядзіце, толькі Ніну Багінскую не забірайце з плошчаў. Калі Ніну Багінскую забраць, апазіцыі не будзе. Няма каму будзе хадзіць. Я памятаю яшчэ, жартам кажу, яна яшчэ ў службе бяспекі [заснавальніка БНФ Зянона] Пазняка працавала. Ну, малайчына, яна перакананы чалавек”.

Як нярэдка бывае, словы Лукашэнкі разышліся з рэчаіснасцю: Багінскую неаднаразова затрымлівалі і штрафавалі паводле адміністрацыйных артыкулаў. У лістападзе 2020-га ў яе кватэры адбыўся вобшук. Таксама Багінскую адвозілі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў мінскім мікрараёне Навінкі.

Напрыканцы кастрычніка 2022-га, калі актывістка яшчэ выходзіла на вуліцу са сцягам, пра яе пісала нямецкая газета Berliner Morgenpost, назваўшы Багінскую “апошнім беларускім дэманстрантам”.

У лістападзе 2022 года зямельны ўчастак Багінскай у садовым таварыстве “Фізтэх” у вёсцы Блужа Пухавіцкага раёна (Мінская вобласць) пры пачатковым кошце 693 рублі быў прададзены з аўкцыёну за 727 рублёў. Участак канфіскавалі за нявыплату “палітычных” штрафаў, якія жанчына не аплочвае прынцыпова.

Падзяліцца: