Ніна Багінская прызнаная вінаватай без прызначэння пакарання

30 траўня, Позірк. 78-гадовая актывістка Ніна Багінская вызваленая без прызначэння пакарання, крымінальная справа спыненая, паведаміў “Белсат”.
Паводле даных “Позірку”, пры вынясенні рашэння суд кіраваўся арт. 79 Крымінальнага кодэкса.
Згодна з ім, “калі ў працэсе судовага разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да асобы, якая ўпершыню здзейсніла злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, або менш цяжкае злачынства, будзе прызнана, што ў выніку працяглых бездакорных паводзін пасля ўчынення злачынства гэта асоба даказала сваё імкненне да законапаслухмяных паводзін і з улікам характару і ступені грамадскай небяспекі ўчыненага злачынства, асобы вінаватага яго далейшае выпраўленне магчымае без прымянення пакарання, але пры ажыццяўленні за ім прафілактычнага назірання, суд можа вынесці такой асобе абвінаваўчы прысуд без прызначэння пакарання”.
Такім чынам, актывістцы быў вынесены абвінаваўчы прысуд без прызначэння пакарання і над ёй будзе ўстаноўлена “прафілактычнае назіранне”.
Раней паведамлялася, што прадстаўнікі шэрагу дыпламатычных місій у Беларусі прыйшлі да суда Савецкага раёна Мінска, каб выказаць салідарнасць з Нінай Багінскай.
Амбасада Германіі ў Беларусі, паведамляючы пра акцыю салідарнасці, падкрэсліла, што “абвінавачанні, вылучаныя супраць яе, несправядлівыя і палітычна матываваныя”.
Раней праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў, што жанчыну абвінавачвалі паводле арт. 3422 КК (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Падставай для крымінальнага пераследу сталі прагулкі актывісткі з бела-чырвона-белым значком на адзенні і дэманстрацыя нацыянальнай сімволікі на вуліцах Мінска ў 2024 годзе.
Гэта сёмая справа, якая дайшла да суда па згаданым артыкуле з моманту яго ўвядзення ў Крымінальны кодэкс у 2021 годзе, звярнулі ўвагу праваабаронцы.
Санкцыі арт. 3422 КК у выпадку неаднаразовага здзяйснення правапарушэння — арышт; абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў. Кваліфікаваць дзеянні па гэтым артыкуле могуць, калі чалавека двойчы цягам аднаго года асудзілі ў адміністрацыйным парадку за правапарушэнні паводле арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).
Праваабаронцам вядома, што Багінская ў 2024 годзе тройчы прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці паводле вышэйзгаданага артыкула за “несанкцыянаванае пікетаванне”. Агульная сума штрафаў склала 180 базавых велічынь (на той момант 7.200 рублёў). Акрамя таго, у дачыненні да яе складзена яшчэ пяць пратаколаў.
Напрыклад, 19 кастрычніка 2024 года на актывістку склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП за тое, што яна трымала плакат з надпісам “БНФ”. Жанчына хацела дайсці да будынка на вул. Варвашэні, 8, дзе доўгі час месціўся офіс Беларускага народнага фронту.
Ніна Багінская ўдзельнічае ў акцыях апазіцыі з 1988 года, падчас вулічных шэсцяў пры ёй заўсёды вялікі бела-чырвона-белы сцяг. Яна стала адным з сімвалаў мірных пратэстаў у 2020 годзе.
У кастрычніку 2020 года Аляксандр Лукашэнка публічна папрасіў не затрымліваць яе: “Вы глядзіце, толькі Ніну Багінскую не забірайце з плошчаў. Калі Ніну Багінскую забраць, апазіцыі не будзе. Няма каму будзе хадзіць. Я памятаю яшчэ, жартам кажу, яна яшчэ ў службе бяспекі [заснавальніка БНФ Зянона] Пазьняка працавала. Ну, малайчына, яна перакананая асоба”.
Як часта бывае, словы Лукашэнкі разышліся з рэчаіснасцю: Багінскую неаднаразова затрымлівалі і штрафавалі паводле адміністрацыйных артыкулаў. У лістападзе 2020-га ў яе кватэры прайшоў ператрус. Таксама Багінскую адвозілі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў мінскім мікрараёне Навінкі.
Напрыканцы кастрычніка 2022-га, калі актывістка яшчэ выходзіла на вуліцу са сцягам, пра яе пісала нямецкая газета Berliner Morgenpost, назваўшы Багінскую “апошняй беларускай дэманстранткай”.
У лістападзе 2022 года зямельны ўчастак Багінскай у садовым таварыстве “Фізтэх” у вёсцы Блужа Пухавіцкага раёна (Мінская вобласць) пры пачатковым кошце 693 рублі быў прададзены з аўкцыёну за 727 рублёў. Участак канфіскавалі за нявыплату “палітычных” штрафаў, якія жанчына не аплачвае прынцыпова.

- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаУ Гомелі і вобласці КДБ працягвае праверку адвакатаў — крыніца (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаНа чварціну вырасла за год пратэрмінаваная запазычанасць фізічных асоб па крэдытах (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаПратэрмінаваная запазычанасць юрыдычных асоб па крэдытах за год вырасла амаль у 6 разоў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаБанкі за месяц павялічылі прыбытак амаль на траціну — даныя рэгулятара (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаДэйкала: Адмена "пашпартнага ўказа" — адзін з першых крокаў, якія павінны быць зроблены ў кантэксце саступак ці перамоў з уладамі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+