Мінск 16:15

Заснавальнік Wargaming мінчанін Кіслы можа быць унесены ў расійскі “рэестр экстрэмістаў і тэрарыстаў”

Ілюстрацыйнае фота: nikitabuida / freepik.com

3 чэрвеня, Позірк. Таганскі раённы суд Масквы забараніў дзейнасць кампаніі “Леста” — выдаўцы камп’ютарных гульняў “Свет танкаў” і “Свет караблёў”, яе актывы будуць забраныя ў даход расійскай дзяржавы, паведаміла 3 чэрвеня інфармацыйнае агенцтва ТАСС.

Адзначаецца, што раней Генеральная пракуратура РФ падала пазоў “у інтарэсах Расійскай Федэрацыі і абароны правоў нявызначанага кола асоб” да ўладальнікаў кампаніі Віктара Кіслага і Маліка Хатажаева, а таксама да ТАА “Леста” і ТАА “Леста геймс эджэнсі”. Нагляднае ведамства ініцыявала закрыццё кампаній у сувязі з “ажыццяўленнем імі экстрэмісцкай дзейнасці ў форме падтрымкі Узброеных сіл Украіны”.

Падкрэсліваецца, што рашэнне суда з’яўляецца падставай для ўключэння ТАА “Леста”, ТАА “Леста геймс эджэнсі”, ТАА “Леста геймс Масква”, а таксама Кіслага і Хатажаева ў “рэестр экстрэмістаў і тэрарыстаў”.

24 красавіка ў тэлеграм-канале “Леста-гульні” ў сувязі з інфармацыяй пра арышт актываў кампаніі паведамлялася, што “кіраўніцтва кампаніі ў курсе сітуацыі і праблема вырашаецца”.

“Кампанія вядзе працу ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, таму ў нас няма падстаў для якіх-небудзь асцярог ці ўтойвання інфармацыі. Мы нічога не парушылі і нам няма чаго баяцца”, — гаварылася ў паведамленні.

Адзначалася, што кампанія аказвае праваахоўным органам РФ “поўнае садзейнічанне для як мага боль хуткага вырашэння ўсіх узніклых пытанняў”.

Як паведамляе выданне “Медуза”, у якасці доказаў “экстрэмісцкай дзейнасці” Генпракуратура Расіі прыводзіла, у прыватнасці, артыкулы ў публічнай прасторы з загалоўкамі “Самая вайсковая гульня World of Tanks супраць спецаперацыі Расіі”, “Як Wargaming перажыў 25 гадоў — і справіўся з вайной ва Украіне” і “Wargaming запусціла дабрачынны праект з украінскім кантэнтам у гульнях для збору на рэанімабілі”.

Апошняя публікацыя звязаная з тым, што ў лістападзе 2023 года распрацоўшчык камп’ютарных гульняў кампанія Wargaming, стваральнік папулярнай серыі World of Tanks, сабрала 1 млн 74 тыс. 940 долараў на рэанімабілі для ўкраінскіх медыкаў.

Тады ж, як адзначыла “Медуза”, “Леста Гульні” заявіла, што яе праекты па-за палітыкай і яна “не мае дачынення да іншых гульняў і праектаў падобнай тэматыкі”.

Кампанія Wargaming заснавана ў 1998 годзе камандай беларускіх распрацоўшчыкаў на чале з мінчанінам Віктарам Кіслым.

7 ліпеня 2022 года кампаніі ў Беларусі і Расіі СТАА “Гейм стрым” і ТАА “Леста”, што належалі Wargaming, былі прададзены расійскаму бізнесмену Маліку Хатажаеву. Гульнявы бізнес у гэтых краінах перайшоў пад кіраванне “Леста Гульні”, якая перайменавала гульні World of Tanks, World of Warships, WoT Blitz у “Мір танкаў”, “Мір караблёў” і “Tanks Blitz”.

Раней, 4 красавіка 2022 года, Wargaming абвясціў пра спыненне працы ў Беларусі і Расіі.

Штаб-кватэра Wargaming знаходзіцца ў Нікасіі (Кіпр), асноўны цэнтр распрацоўкі быў у Мінску. Таксама цэнтры распрацоўкі размешчаныя ва Украіне (Кіеў), Чэхіі (Прага), Фінляндыі (Хельсінкі), ЗША (Сіэтл, Чыкага, Балтымор, Остын) і Аўстраліі (Сіднэй).

Падзяліцца: