Мінск 22:14

Латушка: Падтрымка беларускіх дэмсіл танней за кампенсацыю выкарыстання Беларусі як плацдарма для вайны з ЕС

Крыніца: тэлеграм-канал АПК

11 чэрвеня, Позірк. Падтрымка інстытутаў беларускіх дэмакратычных сіл з боку Еўрапейскага саюза — “гэта стратэгічная інвестыцыя, а не гуманітарны жэст”, заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызыснага ўпраўлення Павел Латушка 11 чэрвеня ў Брусэлі падчас пятага пасяджэння кансультатыўнай групы “Беларусь — ЕС”.

“У перспектыве перамен гэтая падтрымка спрыяе неўзнікненню новых палітычных крызісаў”, — сказаў ён на панэлі “Палітычная сітуацыя ў Беларусі, рэгіянальныя перспектывы, стратэгіі дэмакратычных сіл, дзеянні ЕС” у рамках згаданай сустрэчы.

Акрамя таго, паводле слоў Латушкі, якія прыводзіць прэс-служба АПК, падтрымліваць беларускія дэмсілы і дэмакратычна настроенае грамадства “проста танней, чым кампенсаваць наступствы выкарыстання тэрыторыі Беларусі як плацдарма для вайны з ЕС”.

Палітык таксама выказаў меркаванне, што Аляксандр Лукашэнка для Крамля — “партнёр і хаўруснік, а не закладнік”. “Распаўсюджанае меркаванне пра тое, што Лукашэнка дзейнічае пад ціскам Масквы, — небяспечна і ўводзіць у зман. Такая трактоўка размывае адказнасць і адкрывае шлях да паўтарэння ранейшых памылак”, — лічыць ён.

Намеснік кіраўніцы АПК акцэнтаваў увагу на важнасці падтрымкі беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць за мяжу. Нагадаўшы, што “сёння ў Еўропе пражываюць сотні тысяч беларусаў, вымушаных пакінуць радзіму праз тэрор рэжыму і падтрымку Лукашэнкам вайны супраць Украіны”, палітык заявіў, што “гэта беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі Беларусі”.

“Так, не ўсе беларусы вернуцца дадому пасля перамен, але ўсе яны застаюцца беларусамі, лаяльнымі Еўропе і дэмакратыі, — адзначыў спікер. — Яны інтэгруюцца, працуюць, плацяць падаткі, робяць унёсак у эканоміку краін ЕС. І яны маюць патрэбу ў сваім прадстаўніцтве, у голасе, які будзе чутны і на нацыянальным, і на еўрапейскім узроўні”.

“Першая лінія абароны Еўропы праходзіць не па межах Беларусі з ЕС. Першая лінія абароны Еўропы — гэта дэмакратычна арыентаванае беларускае грамадства”, — дадаў Латушка.

Першая і другая сустрэча кансультатыўнай групы “Беларусь — ЕС” праішлі ў чэрвені і снежні 2023 года адпаведна, трэцяя і чацвёртая — у чэрвені і снежні 2024-га.

У склад беларускай дэлегацыі на пятую сустрэчу групы ўвайшлі дэмакратычны лідар і кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская, яе намеснік Павел Латушка, прадстаўнік па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская, спікер Каардынацыйнай рады (КР) Арцём Брухан, кіраўніца міжнароднай камісіі КР Аляксандра Мамаева, а таксама прадстаўнікі праваабарончых і іншых арганізацый, грамадзянскай супольнасці, свабодных прафсаюзаў і медыяструктур.

Падзяліцца: