Мінск 21:04

Ціханоўская: Працуем над вызваленнем новай групы людзей (дапоўнена)

Святлана Ціханоўская і Сяргей Ціханоўскі на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе 22 чэрвеня 2025 года
Фота: "Позірк"

22 чэрвеня, Позірк. За вызваленне 14 палітвязняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, Аляксандр Лукашэнка атрымаў сустрэчу са спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў пытаннях Украіны Кітам Келагам. Такое меркаванне выказала Святлана Ціханоўская на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе 22 чэрвеня.

“Мы працуем далей над тым, каб наступная група людзей адпускалася, — сказала яна. — Як ужо сказаў Сяргей, у прэзідэнта Трампа, амерыканскай адміністрацыі дастаткова сіл, каб аказаць ціск на рэжым Лукашэнкі, каб былі выпушчаныя ўсе палітвязні і рэпрэсіі ў Беларусі скончыліся“.

На пачатку прэс-канферэнцыі Ціханоўская падзякавала Трампу і ягонай адміністрацыі, без намаганняў якіх “гэты момант“ — вызваленне яе мужа, відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — “быў бы проста немагчымы“. Асаблівую падзяку дэмлідар выказала Келагу, яго намесніку Джону Коўлу, а таксама памочніку дзяржсакратара ЗША Крысу Сміту, якія, паводле слоў Ціханоўскай, адыгралі ключавую ролю ў вызваленні яе мужа і “іншых палітвязняў — не толькі беларусаў, але і латышоў, эстонцаў, палякаў, японцаў, шведаў і амерыканцаў“.

Пасля выхаду на волю экс-супрацоўніка “Радыё Свабода“ Ігара Карнея, заявіла палітык, павінны быць вызваленыя яго калега па РС Ігар Лосік і ўсе 38 журналістаў, якія застаюцца за кратамі.

“Больш за 1.150 беларусаў дагэтуль несправядліва знаходзяцца ў турмах, — адзначыла яна. — Сярод іх Алесь Бяляцкі, Маша Калеснікава, Віктар Бабарыка, Анджэй Пачобут, Мікалай Статкевіч, Вікторыя Кульша. Рэпрэсіі працягваюцца бязлітасна і жорстка. Амаль кожны месяц людзі паміраюць у турмах і пасля вызвалення. І гэта павінна спыніцца. Палітычныя прысуды ў краіне павінны спыніцца. Беларусы павінны выйсці на волю”.

“Мы працягнем цесную працу з адміністрацыяй прэзідэнта Трампа і ўсімі нашымі саюзнікамі ў Еўропе — [гэта значыць] па абодва бакі Атлантыкі, каб дамагчыся свабоды кожнага палітычнага вязня. І ўчорашняе вызваленне не апошняе. Вызваленне ўчора — гэта крок у правільным кірунку. І я заклікаю Аляксандра Лукашэнку вызваліць астатніх закладнікаў з турмаў. Гэта першы крок да нацыянальнага дыялогу, які нам патрэбны”, — дадала палітык.

Ціханоўская падкрэсліла, што вызваленне 14 палітвязняў, якое адбылося напярэдадні, — поспех, які “стаў магчымым дзякуючы міжнароднай салідарнасці“: “З вырашальнай падтрымкай Літвы, якая дала нам прытулак, і Польшчы, якая прыняла тысячы і тысячы беларусаў“. Яна таксама выказала падзяку прэзідэнту Еўракамісіі Урсуле фон дэр Ляен і кіраўніку Еўрапарламента Раберце Метсола, прэм’ер-міністру Вялікабрытаніі Кіру Стармеру, “кіраўнікам краін Еўрасаюза і Паўночнай Еўропы і ўсім, хто змагаўся за вызваленне людзей“.

“Асаблівая падзяка ад мяне ідзе [міністру замежных спраў Польшчы] Радаславу Сікорскаму і [былому брытанскаму прэм’еру] Борысу Джонсану, якія сталі [сімвалічнымі] хроснымі для Сяргея, а таксама ўсім парламентарыям, якія ўзялі пад патранат палітычных зняволеных, — адзначыла палітык. — Толькі ваша падтрымка дае магчымасць людзям не забыцца на нашых палітвязняў. Вядома, я дзякую ўсёй маёй камандзе, якая цяжка працавала, каб гэты момант наступіў, і ўсім беларусам, якія ўвесь гэты час не здаваліся і працягвалі дамагацца вызвалення палітвязняў. Гэта наша сумесная перамога”.

Ціханоўская заявіла, што беларускія дэмсілы будуць умацоўвацца, працягнуць “падтрымліваць Украіну і рабіць усё магчымае, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці“. “Дэмакратычныя сілы Беларусі працягваюць працу, каб вярнуць свабоду, незалежнасць і дэмакратыю нашай краіне“, — адзначыла яна.

Падзяліцца: