Мінск 18:27

Беларусу за садзейнічанне нелегальнай міграцыі забаранілі на працягу 10 гадоў наведваць краіны Шэнгенскай зоны

Фота: Памежная ахова Польшчы

23 чэрвеня, Позірк. 39-гадовы грамадзянін Беларусі выправаджаны з Польшчы з забаронай на працягу 10 гадоў наведваць дзяржавы Шэнгенскай зоны, прычына — садзейнічанне нелегальнай міграцыі.

Як паведамляе Памежная ахова Польшчы, беларус быў затрыманы на мяжы з Літвой за стырном аўтамабіля “БМВ” з польскімі рэгістрацыйнымі нумарамі. У ходзе праверкі было ўстаноўлена, што ён перавозіў трох замежнікаў (двух егіпцян і алжырца), у пашпартах якіх адсутнічалі візы краін Шэнгенскага дагавора.

Адзначаецца, што мігранты перададзеныя літоўскаму боку ў рамках рэадмісіі.

20 чэрвеня паведамлялася, што ў польскім Гарваліне (каля 60 км на паўднёвы ўсход ад Варшавы, Мазавецкае ваяводства) быў затрыманы аўтамабіль “Сітраен”, які перавозіў нелегальных мігрантаў.

“За стырном знаходзілася беларуска, а пасажырам быў грамадзянін Аргенціны. Усяго на заднім сядзенні і ў багажніку знаходзілася пяць замежнікаў”, — гаварылася ў паведамленні.

4 чэрвеня польскія памежнікі затрымалі грамадзяніна Беларусі, які таксама перавозіў нелегальных мігрантаў.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды нібыта паклікалі.

За першы квартал 2025 года Латвія, Літва і Польшча прадухілілі 4.068 спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі (студзень — 431, люты — 686, сакавік — 2.951).

Як паведамляў “Позірк”, з 8 чэрвеня Польшча яшчэ на 90 дзён падоўжыла дзеянне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю, якая была створаная ў тым ліку для барацьбы з нелегальнай міграцыяй. Аналіз даных паказвае, што за няпоўны год яе існавання колькасць парушэнняў мяжы знізілася прыкладна на 30% у параўнанні з тым жа перыядам да яе з’яўлення.

Падзяліцца: