Ціханоўская прадставіць на палях саміту НАТО даклад пра рызыкі для бяспекі з боку рэжыму Лукашэнкі

24 чэрвеня, Позірк. Аналітычны дакумент Red Paper пра рызыкі, якія нясе для рэгіёну рэжым Аляксандра Лукашэнкі, прадставіць беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 24 чэрвеня на паралельным мерапрыемстве саміту Паўночнаатлантычнага альянсу ў Гаазе, паведамляе прэс-служба палітыка.
У падрыхтаваным яе камандай дакуменце гаворыцца, што будучыня еўрапейскай бяспекі “неаддзельная ад будучыні Беларусі”, што месціцца “на ўсходнім флангу ЕС” і “ператвараецца ва ўсё больш важны вузел у геапалітычнай архітэктуры рэгіёну — як крыніца рызыкі, так і патэнцыйная катвіга стабільнасці”.
Назва — Red Paper — падкрэслівае “тэрміновасць сітуацыі”.
“Паколькі рэжым Лукашэнкі ўзмацняе сваю палітычную, вайсковую і эканамічную залежнасць ад Крамля, Беларусь ператвараецца ў платформу для расійскай агрэсіі супраць Украіны і суседніх краін ЕС. Ці атрымаецца ў ЕС зрабіць бяспечнай сваю ўсходнюю мяжу, шмат у чым залежыць ад таго, ці атрымаецца ўключыць Беларусь у арбіту еўрапейскай супрацы ў галіне бяспекі”, — гаворыцца ў дакладзе.
Траекторыя развіцця Беларусі, згодна з дакументам, можа вызначыць будучы баланс сіл у Еўропе, “прамаруджванне або самазаспакоенасць рызыкуюць дазволіць яшчэ больш умацаваць расійскі ўплыў у ключавых сектарах, такіх як вайсковае разгортванне, энергетычная інфраструктура, лічбавая і інфармацыйная прастора і міграцыйная палітыка”.
У гэтым кантэксце, падкрэсліваецца ў дакладзе, “дэмакратычныя сілы Беларусі прадстаўляюць сабой жыццяздольную альтэрнатыву: суверэнную, арыентаваную на Еўропу Беларусь, якая садзейнічае рэгіянальнай бяспецы, а не пагражае ёй”.
Для вырашэння існых праблем, перакананыя ў офісе Ціханоўскай, “неабходная комплексная стратэгія ЕС, якая спалучае ціск на рэжым Лукашэнкі з асэнсаваным доўгатэрміновым узаемадзеяннем і стымуламі для беларускага грамадства”.
У дакладзе выкладаюцца стратэгічныя рэкамендацыі па некалькіх напрамках, уключаючы энергетычную, інфармацыйную, эканамічную, міграцыйную, вайсковую і моладзевую бяспеку. Цэнтральным слупам, адзначаецца ў дакуменце, “з’яўляецца геапалітычная пераарыентацыя Беларусі шляхам яе паступовай інтэграцыі ў агульнаеўрапейскія механізмы бяспекі, эканомікі і культуры”, што “не толькі пазбавіць Расію яе “стратэгічнага балкона”, але і ўмацуе ўсходні фланг ЕС, а таксама скароціць маштаб гібрыдных пагроз”.
Еўрасаюз, як адзначана ў дакуменце, павінен інвеставаць у пабудову будучыні Беларусі — ад падтрымкі незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці да пашырэння правоў і магчымасцяў наступнага пакалення праз культурны і адукацыйны абмен. Нягледзячы на рызыкі, агульны падыход ЕС, Украіны і беларускіх дэмакратычных сіл “можа перавесці краіну з зоны нестабільнасці ў апірышча рэгіянальнай бяспекі”.
Раніцай 24 чэрвеня Ціханоўская сустрэлася ў Гаазе з прэм’ер-міністрам Нідэрландаў Дзікам Схофам і міністрам замежных спраў гэтай краіны Каспарам Вельдкампам. Апошні запрасіў беларускага палітыка ўзяць удзел у Адкрытым форуме НАТО.
Увосень 2025 года на беларускай тэрыторыі пройдуць сумесныя з Расіяй стратэгічныя вучэнні “Захад-2025”. Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін 28 траўня на пасяджэнні Савета міністраў абароны краін АДКБ заявіў пра “зніжэнне параметраў” гэтых вучэнняў і перанос манеўраў ад межаў углыб Беларусі.
На думку аналітыкаў амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), гэта было зроблена для таго, каб стварыць “бачнасць супрацы” і адцягнуць увагу ад абмежаванага вайсковага патэнцыялу Расіі па-за межамі ўкраінскага тэатра ваенных дзеянняў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў пра планаванае нарошчванне расійскай вайсковай моцы і магчымасці ўзброенага ўварвання арміі РФ на тэрыторыю Польшчы, Літвы і Латвіі з тэрыторыі Беларусі па аналогіі з падзеямі 24 лютага 2022 года. Тады расійскае ваеннае ўварванне ва Украіну часткова ажыццяўлялася з тэрыторыі Беларусі.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаДэфіцыт працоўнай сілы будзе тармазіць рост эканомікі Беларусі — ЕАБР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаСмерць Вітольда Ашурка ў няволі — забойства, вынікае з расследавання праваабаронцаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаУ траўні намінальны сярэдні заробак вырас на 38,8 рубля (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку года суседнія краіны ЕС спынілі больш за 20 тыс. спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 21–23 чэрвеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства