Мінск 21:53

У Мінску з падачы Лукашэнкі будуецца завод па вытворчасці баявых беспілотнікаў — BelPol

Беларускі дрон — частка комплексу супрацьдзеяння беспілотнікам "Міратворац"
Ілюстрацыйнае фота: А. Крываносаў / "Военное дело"

29 ліпеня, Позірк. У Мінску пад патранажам Аляксандра Лукашэнкі будуецца завод па вытворчасці баявых беспілотных лятучых апаратаў, вынікае з новага расследавання аб’яднання былых сілавікоў BelPol.

У матэрыяле нагадваецца, што 29 красавіка ў Валгаградзе прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на сустрэчы з Лукашэнкам заявіў пра гатоўнасць пабудаваць у Беларусі завод па вытворчасці беспілотнікаў.

Разам з тым, сцвярджае BelPol, “такі завод у Беларусі з 2023 года актыўнымі тэмпамі ўжо будуецца” ў Фрунзенскім раёне сталіцы. “Прадпрыемства будуецца пад шырмай прыватнага прадпрыемства. Аднак кіруецца, як заўсёды, у ручным рэжыме функцыянерамі рэжыму Лукашэнкі”, — адзначаюць расследавальнікі.

“У Беларусі існуе канструктарскае бюро “Беспілотныя верталёты”, асноўным профілем дзейнасці якога з’яўляецца акурат распрацоўка і вытворчасць цяжкіх беспілотнікаў верталётнага тыпу”, — гаворыцца ў расследаванні. Згаданая кампанія знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі.

Прадбачачы трапленне пад абмежавальныя меры, як сцвярджае BelPol, рэжым Лукашэнкі стварыў фірму-блізнюка — ЗАТ “Беспілотныя лятучыя апараты” — са статутным фондам “усяго 3.700 рублёў”.

У расследаванні гаворыцца, што 22 жніўня 2023 года гэтая кампанія набыла вытворчыя плошчы па адрасе: Мінск, вуліца Янкі Маўра, 47. Кошт здзелкі — 4 млн 5 тыс. рублёў. “Вельмі, проста вельмі дзіўная цана для вытворчага аб’екта нерухомасці ў Фрунзенскім раёне з улікам таго, што ён знаходзіцца на ўчастку больш як 16 га”, — звярнулі ўвагу аўтары матэрыялу.

Адзначаецца, што продаж па такой цане стаў магчымым дзякуючы ўказу Лукашэнкі ад 9 жніўня 2023 года № 124рп-дсп “Аб распараджэнні маёмасцю”.

Паводле інфармацыі BelPol, працу “Беспілотных лятучых апаратаў” курыруе ЗАТ “Vector Capital Group”, якую ўзначальвае былы кіраўнік справамі Лукашэнкі Віктар Шэйман і два яго экс-намеснікі — Андрэй Свірыдаў і Мікалай Селіванаў.

Доказам уцягнутасці гэтай кампаніі ў будаўніцтва завода, на думку аб’яднання былых сілавікоў, з’яўляецца “выклік на нараду па пытаннях выканання таго самага сакрэтнага распараджэння Лукашэнкі”. “Кожная дробязь абмяркоўваецца на нарадах у Vector Capital Group. Паралельна за кожнае дзеянне, аж да здачы металалому, “Беспілотныя лятучыя апараты” справаздачацца ў адміністрацыю Лукашэнкі”, — сцвярджаюць аўтары расследавання.

Яшчэ адной уцягнутай асобай названы Уладзімір Япрынцаў, што некалі ўваходзіў у топ-20 найбагацейшых бізнесменаў Беларусі, які “з’яўляецца саўладальнікам “Беспілотных верталётаў”, а, адпаведна, і “Беспілотных лятучых апаратаў”.

Згодна з вытворчым планам ЗАТ “Беспілотныя лятучыя апараты” на кастрычнік 2023 года, як адзначае BelPol, кампанія “не проста збіраецца выпускаць нейкія там дроны, а [ужо] займаецца серыйнай вытворчасцю двух тыпаў ударных БПЛА”.

Першы — “Аскалон” — рэактыўны крылаты беспілотнік з далёкасцю палёту да 310 кіламетраў: “У некаторай ступені аналаг іранскага “Шахеда”. Другі — “Міратворац” — ударны дрон з далёкасцю палёту да 180 км.

“Да канца 2025 года прадпрыемства мае выйсці на вытворчасць да 960 ударных дронаў на год. Гэта азначае па 2–3 ударныя дроны на дзень, кожны з якіх здольны несці выбухоўку вагой да 10 кг на сотні кіламетраў”, — адзначылі расследавальнікі, дадаўшы, што агульны даход на канец гэтага года плануецца на ўзроўні 76,2 млн долараў.

“Рэжым Лукашэнкі будуе прадпрыемства вайсковага прызначэння, здольныя вырабляць каля 1.000 ударных дронаў на год. Гэта значыць, што ў выпадку атакі на гэта прадпрыемства, якое, зразумела, у выпадку вайны стане законнай ваеннай мэтай, з большай доляй верагоднасці могуць пацярпець мірныя жыхары Мінска”, — канстатавалі аўтары матэрыялу.

Пра тое, што Расія прапанавала стварыць у Беларусі “завод па вытворчасці беспілотных авіяцыйных сістэм з магутнасцю да 100 тыс. адзінак штогод”, паведамлялася 6 сакавіка. Прапанова паступіла, калі Лукашэнкі наведваў у Мінску выставу расійскіх беспілотных авіяцыйных сістэм “Дэманстрацыя рашэнняў галіны БАС”.

З расійскага боку яго суправаджалі намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ Максім Арэшкін, спецпрадстаўнік Пуціна па пытаннях лічбавага і тэхналагічнага развіцця Дзмітрый Пяскоў. Адзначалася, што з “перспектывамі выкарыстання беспілотных сістэм у розных сферах” Лукашэнка азнаёміў генеральны дырэктар ТАА “Транспарт будучыні”, старшыня цэнтра кампетэнцый “Беспілотныя авіяцыйныя сістэмы” Юрый Казарэнка.

Лукашэнка падтрымаў прапанову РФ наладзіць у Беларусі вытворчасць беспілотнікаў. “Мы гатовыя на тое, каб пабудаваць завод, — сказаў ён. — Гарантуем: так у Расіі вы не пабудуеце, як тут”.

4 сакавіка, звяртаючыся да новапрызначанага намесніка прэм’ер-міністра Віктара Каранкевіча, які курыруе прамысловы сектар, Лукашэнка звярнуў яго ўвагу на рост попыту на БПЛА і боепрыпасы.

Падзяліцца: