Мінск 15:12

У Беларусі за паўгода асуджана 237 непаўналетніх, адзін з іх — за забойства

Архіўнае фота: "Позірк"

30 ліпеня, Позірк. У студзені — чэрвені 2025 года за здзяйсненне розных злачынстваў асуджана 237 непаўналетніх — на 32,9% менш, чым за аналагічны леташні перыяд (353), паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.

У тым ліку за здзяйсненне злачынстваў супраць жыцця і здароўя асуджана 11 непаўналетніх, з якіх за наўмыснае нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання (арт. 147 КК) — 7, наўмыснае нанясенне менш цяжкага цялеснага пашкоджання (арт. 149) — 3, забойства (арт. 139) — 1.

У злачынствах супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды вінаватымі прызнана 7 непаўналетніх: за згвалтаванне (арт. 166) — 5, гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару (арт. 167) — 2.

96 непаўналетніх асуджана за злачынствы супраць уласнасці: за крадзеж (арт. 205) — 52, махлярства (арт. 209) — 17, угон транспартнага сродку або маламернага воднага судна (арт. 214) — 10, крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі (арт. 212) — 9, рабаванне (арт. 206) і наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці (арт. 218) — па 3, вымагальніцтва (арт. 208) — 2.

За злачынствы супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, у прыватнасці за незаконны абарот сродкаў плацяжу і (або) інструментаў (арт. 222), асуджаныя трое непаўналетніх.

46 непаўналетніх прызнана вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў супраць грамадскай бяспекі і здароўя насельніцтва, у тым ліку злачынствах, звязаных з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні да наркотыкаў, — 41 (+13,9% у гадавым вымярэнні).

Трое непаўналетніх асуджана за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (арт. 295), па адным — за злачынствы, звязаныя з кіраваннем транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане ап’янення, перадачу кіравання транспартным сродкам такой асобе або адмова ад праходжання агляду (арт. 3171) і за злачынствы супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту (арт. 317).

У здзяйсненні злачынстваў супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці прызнана вінаватымі 66 непаўналетніх, у хуліганстве (арт. 339) — 37, арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342) — 9, вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару з выявай непаўналетняга (арт. 3431) — 7, апаганьванні збудаванняў і пашкоджанні маёмасці (арт. 341) і загадзя ілжывым паведамленні пра небяспеку (арт. 340) — па 6, вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343) — 1.

За здзяйсненне “злачынстваў супраць дзяржавы і парадку ажыццяўлення ўлады і кіравання” асуджана 7 непаўналетніх: за “абразу прэзідэнта” (арт. 368), “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” (арт. 3614), “знявагу дзяржсімвалаў” (арт. 370) — па 2, за “прымус да выканання абавязацельстваў” (арт. 384) — 1.

З 237 асуджаных непаўналетніх свабоды пазбаўленыя 53 (22,4%), ужытыя прымусовыя меры выхаваўчага характару — 54 (22,8%), іншыя меры пакарання — 98 (41,4%). Ад адбывання пакарання вызвалена двое (0,8%), умоўнае непрымяненне пакарання закранула дзевяць (3,8%), адтэрміноўка выканання пакарання — 21 (8,9%).

Паводле даных Вярхоўнага суда, у 2024 годзе ў Беларусі былі асуджаныя 593 непаўналетнія, у 2023-м — 692, 2022-м — 927.

Пра зніжэнне падлеткавай злачыннасці па выніках першай паловы 2025 года паведамілі на прэс-канферэнцыі 23 ліпеня ў Мінску прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры і Міністэрства ўнутраных спраў.

Старшы пракурор па асаблівых даручэннях упраўлення Генпракуратуры Раман Сідарэнка заявіў, што колькасць падлеткаў, якія здзейснілі злачынствы сёлета ў студзені — чэрвені, у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам знізілася больш як на 13%, а колькасць здзейсненых імі злачынстваў — амаль на 10%.

Старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела па арганізацыі працы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Беларусі Раман Бардзееў удакладніў апошні паказчык — злачынстваў, здзейсненых падлеткамі, стала менш на 9,8%.

Сідарэнка паведаміў, што колькасць здзейсненых непаўналетнімі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў знізілася са 125 да 98; групавых злачынстваў — са 160 да 120.

Падзяліцца: