Дэпутаты Еўрапарламента асудзілі катаванні ў Беларусі і заклікалі прыцягнуць да адказнасці вінаватых

26 чэрвеня, Позірк. Салідарнасць з беларусамі, пацярпелымі ад катаванняў і іншых грубых парушэнняў правоў чалавека, выказалі ў сумеснай заяве 26 чэрвеня дэпутаты Еўрапарламента. Тэкст дакумента прыводзіць праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Заява прымеркаваная да Міжнароднага дня ў падтрымку ахвяр катаванняў. Яе падпісалі кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Малгажата Гасеўска, яе намеснікі Томас Тобэ і Міхал Кабоска, а таксама пастаянны дакладчык ЕП па Беларусі Хельмут Брандштэтэр.
Падпісанты падкрэслілі, што катаванні застаюцца “адным з ключавых інструментаў рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі”, і заклікалі прыцягнуць вінаватых да адказнасці, а таксама вызваліць усіх палітвязняў.
У заяве адзначана, што беларускі рэжым “працягвае сістэматычна ўжываць фізічны і псіхалагічны гвалт, уключаючы жорсткае збіццё, удары электрычным токам, невыносныя ўмовы ўтрымання, доўгае адзіночнае зняволенне, пазбаўленне сну, непрадастаўленне ежы, вады і доступу да свежага паветра, прыніжэнні і пагрозы сексуальнага гвалту”.
“Не менш трывожнай з’яўляецца практыка ўтрымання без сувязі са знешнім светам, пры якой палітычным зняволеным месяцамі і нават гадамі адмаўляюць у доступе да адвакатаў і кантактах з сем’ямі. Такія практыкі могуць прыраўноўвацца да катаванняў і таксама могуць адпавядаць гвалтоўнаму знікненню паводле міжнароднага права”, — заявілі еўрадэпутаты.
Яны таксама адзначылі, што “прымусовая праца, якая навязваецца палітычным зняволеным”, з’яўляецца “яшчэ адной формай катаванняў, спалучаючы фізічнае знясіленне, псіхалагічны прымус і вымушаны ўдзел у падтрымцы вайскова-прамысловага комплексу Расіі ў яе вайне агрэсіі супраць Украіны”.
Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў штогод адзначаецца 26 чэрвеня. Ён быў абвешчаны Генеральнай асамблеяй ААН у 1997 годзе з мэтай выкаранення катаванняў ва ўсім свеце, забеспячэння эфектыўнага выканання міжнародных абавязацельстваў дзяржаў і аказання дапамогі людзям, якія пацярпелі ад катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. Дата абраная не выпадкова: 26 чэрвеня 1987 года ўступіла ў сілу Канвенцыя ААН супраць катаванняў, якая стала адным з ключавых міжнародных дагавораў у галіне абароны правоў чалавека.
У гэты дзень ААН, урады, праваабарончыя арганізацыі і грамадзянская супольнасць праводзяць мерапрыемствы, накіраваныя на прыцягненне ўвагі да праблемы прымянення катаванняў, падтрымку пацярпелых і барацьбу з беспакаранасцю вінаватых.
Міжнародны дзень закліканы нагадаць аб неабходнасці забяспечваць ахвярам катаванняў доступ да правасуддзя, медыцынскай, псіхалагічнай і сацыяльнай рэабілітацыі, а дзяржавам, якія дапусцілі прымяненне катаванняў, расследаваць такія злачынствы і прыцягваць вінаватых да адказнасці.


- Грамадства
- Грамадства, Палітыка25 чэрвеня Літва спыніла рэкордную за месяц сутачную колькасць спробаў парушэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПадпіска на агульнарэспубліканскія прапагандысцкія СМІ падаражэла за паўгоддзе на 4–13%, за год — на 14–29%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка

