Беларускія штангісты дапушчаныя да міжнародных спаборніцтваў

26 чэрвеня, Позірк. Рашэнне аб допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў да спаборніцтваў пад сваёй эгідай прыняла 26 чэрвеня Міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі (МФТА).
Паведамляецца, што рашэнне ўступае ў сілу “неадкладна” і тычыцца спартсменаў усіх узроставых катэгорый.
“Рашэнне прынятае ўслед за нядаўнімі рэкамендацыямі Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК), якія тычацца прынцыпаў нейтральнасці ў спорце і важнасці забеспячэння спартсменам справядлівых магчымасцяў для выступлення на спаборніцтвах самага высокага міжнароднага ўзроўню”, — гаворыцца ў рэлізе.
Адзначаецца, што раней сёлета былі знятыя “абмежаванні на ўдзел у спаборніцтвах для расійскіх і беларускіх цяжкаатлетаў юнацкай і юніёрскай узроставых катэгорый”. “Прынятае сёння рашэнне распаўсюджвае гэты ж парадак на ўсе ўзроставыя катэгорыі, дазваляючы спартсменам любога ўзросту ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад эгідай МФТА пры выкананні дзеючых крытэрыяў допуску і ўстаноўленых патрабаванняў”, — заяўляе арганізацыя.
28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пры выкананні шэрагу ўмоў.
Сёлета 7 траўня выканкам МАК заявіў, што “больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў”.
Адзначалася, што МАК “скасаваў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў“.
Пасля гэтага аб допуску беларускіх спартсменаў на свае спаборніцтвы на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб’яднанні па каратэ, гімнастыцы, фехтаванні, веласпорце, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяцібор’і і валейболе, парусным спорце, барацьбе, а таксама Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту, пад эгідай якой у 2027 годзе адбудуцца летняя і зімовая ўніверсіяды.
Захаваныя абмежаванні ў дачыненні да беларускіх лёгкаатлетаў, тэнісістаў і іншых спартсменаў, а зборныя па футболе і футбольныя клубы па-ранейшаму праводзяць хатнія міжнародныя афіцыйныя гульні на нейтральных палях.
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства


