Мінск 17:13

У Бранскай вобласці ўтылізавана паўтоны беларускай мясамалочнай прадукцыі

26 чэрвеня, Позірк. Пра знішчэнне ў Бранскай вобласці 500 кг розных мясных і малочных прадуктаў беларускай вытворчасці паведаміла Федэральная служба РФ па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

Адзначаецца, што 22 чэрвеня 2026 года яе супрацоўнікамі ва ўзаемадзеянні з памежнікамі была спыненая аўтамашына пад кіраваннем расійскага грамадзяніна, у якой перавозілася згаданая прадукцыя.

Як высветлілася ў ходзе праверкі, прадукты былі набытыя перавозчыкам у Гомельскай вобласці, прадпрыемства-вытворца не ўнесена ў Рэестр мытнага саюза, які дае права экспарту ў РФ.

Таксама ўстаноўлена, што транспарціроўка грузу ажыццяўлялася “без ветэрынарных суправаджальных дакументаў, у аўтамашыне з грубымі парушэннямі ветэрынарна-санітарных правілаў перавозкі прадукцыі жывёльнага паходжання”.

24 чэрвеня прадукцыя была ўтылізаваная, перавозчык прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Паведамляецца, што з пачатку года ўпраўленнем Рассельгаснагляду Бранскай, Смаленскай і Калужскай абласцей “у 35 выпадках не дапушчана да ўвозу з тэрыторыі сумежнай дзяржавы больш за 23 тоны прадукцыі, якая мае маркіроўку беларускіх вытворцаў, што перамяшчаецца без ветэрынарных суправаджальных дакументаў, у тым ліку абыходзячы афіцыйныя пункты ветэрынарнага кантролю”.

Як вынікае з паведамленняў ведамства, такая прадукцыя альбо ўтылізуецца, альбо вяртаецца ў Беларусь.

Падзяліцца: