Мінск 23:25

Дзяржпрамнагляд МНС упаўнаважаны сачыць за працай вытворцаў выбухоўкі

25 чэрвеня, Позірк. Дэпартамент па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ прамысловасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (Дзяржпрамнагляд) атрымаў паўнамоцтвы па наглядзе за “дзейнасцю юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць вытворчасць выбуховых рэчываў і вырабаў, якія іх утрымліваюць, у частцы вырабу, захоўвання, транспартавання і знішчэння”.

Такая норма прапісаная ва ўказе “Аб забеспячэнні пажарнай бяспекі”, які 25 чэрвеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка, вынікае з паведамлення яго прэс-службы.

“Гэтая мера прынятая для таго, каб упарадкаваць нагляд у галіне прамысловай бяспекі і выключыць залішнюю наглядную нагрузку на суб’екты гаспадарання”, — гаворыцца ў паведамленні.

Варта адзначыць, што на падставе прынятага 5 студзеня 2016 года закона № 354-З “Аб прамысловай бяспецы” і шэрагу іншых профільных нарматыўных актаў Дзяржпрамнагляд ужо адказваў за нагляд у галіне вырабу, захоўвання, транспартавання і знішчэння выбуховых рэчываў — але на ўзроўні аб’ектаў, а не юрыдычных асоб.

Тэкст указа пакуль не апублікаваны.

Падзяліцца: