Лукашэнка заявіў, што не хоча ваяваць з украінскімі механізатарамі і даяркамі

25 чэрвеня, Позірк. Пра адзінства народаў Расіі, Беларусі і Украіны заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 25 чэрвеня ў Мінску старшыню Савета Федэрацыі Федэральнага сходу РФ Валянціну Мацвіенка.
“Расія, Беларусь — гэта, як я кажу, наша агульная Айчына, — цытуе гаспадара сустрэчы яго прэс-служба. — Не мы з вамі вінаватыя, што тут дзве дзяржавы ўтварыліся. Але гэта вельмі сяброўскія, брацкія дзяржавы. Думаю, няма той сілы, якая магла б разбурыць гэтае адзінства”.
Лукашэнка пагадзіўся з меркаваннем суразмоўніцы пра тое, што разбурыць гэтае адзінства “ахвочых вельмі шмат”, і тут жа дадаў: “Але я ўпэўнены (і пра гэта казаў нядаўна прадстаўнікам [прэзідэнта Украіны Уладзіміра] Зяленскага), што ўсё адно нашыя народы будуць разам. Рана ці позна мы будзем усё адно разам”.
“Пройдзе час, мы галаву сваю ў парадак прывядзем і наладзім нашыя стасункі. Я ў гэтым абсалютна перакананы. І ў гэтым плане вы можаце на Беларусь разлічваць”, — заявіў беларускі палітык.
На сустрэчы з губернатарам Маскоўскай вобласці Андрэем Вараб’ёвым, якая адбылася ў гэты ж дзень, Лукашэнка заявіў, што праз згаданых, але неназваных “прадстаўнікоў Зяленскага” перадаў пасланне ўкраінскаму прэзідэнту. “[Я папрасіў іх] перадаць свайму прэзідэнту, што калі ён думае, што можна вось так з намі размаўляць і яшчэ ўцягнуць нас у вайну, то ён павінен разумець, што якасць вайны імгненна зменіцца”, — заявіў спікер (на падставе відэазапісу, апублікаванага ў неафіцыйным тэлеграм-канале яго прэс-службы).
“Гэтая вайна будзе зусім іншая. Дарэчы, мы атрымалі адказ прэзідэнта [Украіны], яны гэта разумеюць. Таму, давайце, хлопцы, дамаўляцца істотна. Не трэба пыліць, не трэба крычаць <…>. Давайце па-чалавечы, разумеючы што такое Расія і што такое мы”, — дадаў ён.
Лукашэнка таксама абверг заявы, якія раней гучалі ў СМІ, пра тое, што амбасадар РФ у Беларусі Барыс Грызлоў “арганізоўвае працэс, каб уцягнуць” Мінск у вайну. Паводле яго сцвярджэння, у выпадку ўступлення Беларусі ў вайну супраць яе з украінскага боку выступяць “тэрытарыяльныя войскі ў асноўным”.
“Мы што, будзем гэтых механізатараў, даярак і рабочых хлопцаў страляць, якія не хочуць ваяваць з беларусамі? Мы таксама не хочам з украінцамі ваяваць”, — сказаў ён Вараб’ёву.
Спікер у чарговы раз запэўніў, што Беларусь “у любой сітуацыі будзе разам з Расіяй”: “Мы разумеем, што можа быць, калі Захад зноў сюды ўлезе і пераможа”.
Заявы Лукашэнкі прагучалі на наступны дзень пасля таго, як Зяленскі паведаміў пра фактычнае выкананне высунутых ім умоў на адрас Мінска.
19 чэрвеня Зяленскі даў Лукашэнку тыдзень на зняцце з вышак рэтранслятараў для навядзення расійскіх дронаў уздоўж мяжы з Украінай: “Калі ён гэта не зробіць, зробім мы”. Палітык таксама заклікаў спыніць пастаўку нафтапрадуктаў расійскай арміі.
На наступны дзень у звароце да суайчыннікаў ён заявіў, што Украіне вядома “пра чатыры такія рэтранслятары ў Беларусі — у Гомельскай і Брэсцкай абласцях”, і паўтарыў, што Беларусь “мае час, каб дэмантаваць гэтае абсталяванне”.
24 чэрвеня Зяленскі паведаміў, што абсталяванне спыніла працу двума днямі раней: “Дэмантавалі [рэтранслятары] ці не, я, шчыра кажучы, пакуль не ведаю. Але мы працуем над гэтым, і я вельмі пільна сачу і штодзённыя даклады атрымліваю. Факт, што рэтранслятары на сёння не працуюць”.
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 24 чэрвеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаВосьмы раз з пачатку чэрвеня суседнія краіны ЕС зафіксавалі за суткі больш за 100 спробаў парушэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- ГрамадстваЗа апошнія чатыры дні патанула 7 чалавек, у тым ліку 3 дзяцей — прадстаўнік МНСМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+



