Мінск 22:32

Дэлегацыя дэмсіл абмеркавала з кіраўніцай ПАСЕ разгляд новай рэзалюцыі пра сітуацыю ў Беларусі

Фота ў тэлеграм-канале КР

25 чэрвеня, Позірк. Разгляд рэзалюцыі “Сітуацыя ў Беларусі” на найбліжэйшых сесіях Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) абмяркоўваўся на сустрэчы дэлегацыі дэмакратычных сіл Беларусі са старшынёй ПАСЕ Петрай Байр, паведаміла 25 чэрвеня прэс-служба Каардынацыйнай рады (КР).

Адзначаецца, што бакі таксама абмеркавалі “пашырэнне магчымасцей для працы дэлегацыі ў камітэтах ПАСЕ”.

Госці “выказалі падзяку за беспрэцэдэнтнае рашэнне ПАСЕ і магчымасць працы ў Асамблеі афіцыйнай дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл, сфармаванай з членаў” КР 3-га склікання. Пацверджана, што пасля фармавання новага складу дэлегацыі ў КР 4-га склікання яе ўдзел у працы ПАСЕ будзе працягвацца.

На сустрэчы былі падведзеныя асноўныя вынікі працы дэлегацыі са складу КС 3-га склікання. Сярод іншага было згадана пра прыняццё паправак у рэзалюцыі ПАСЕ аб адказнасці за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей, за акт агрэсіі супраць Украіны, па супрацьдзеянні транснацыянальным рэпрэсіям; пра слуханні па беларускіх палітвязнях; арганізацыю сайд-івэнта па супрацьдзеянні “рускому свету” ды інш.

Члены дэлегацыі паведамілі Байр пра “цяперашнія падзеі ў рэгіёне і Беларусі, драматычную сітуацыю з правамі чалавека, колькасць палітвязняў, працяг рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі і адсутнасць прыкмет нармалізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне”.

Асаблівая ўвага была нададзеная пытанням адказнасці рэжыму за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа, ваенныя злачынствы, звязаныя з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей у Беларусь, і здзяйсненне акта агрэсіі супраць Украіны.

Беларуская дэлегацыя, як паведамляецца, адзначыла важнасць стварэння спецыяльнага трыбунала па адказнасці за агрэсію супраць Украіны і ўнесеных ёю паправак у дакументы Савета Еўропы, што ствараюць прававую базу для распаўсюду юрысдыкцыі трыбунала на вышэйшае палітычнае кіраўніцтва Беларусі.

Байр, паводле інфармацыі КР, адзначыла, што дзейнасць беларускай дэлегацыі “з’яўляецца заўважнай”, выказала задавальненне яе “плённай працай” і падтрымала ідэю пашырыць “працоўныя магчымасці” гэтай групы ў ПАСЕ.

На адкрыцці летняй сесіі ПАРЕ 22 чэрвеня (завяршылася 25-га) Байр заклікала дэлегатаў “не забываць пра Беларусь”. “Аўтарытарызм разлічвае на тое, што наша ўвага скончыцца. Мы не павінны дазволіць яму дамагчыся поспеху”, — сказала старшыня асамблеі.

Прадстаўнікі беларускіх дэмсіл, паводле яе слоў, актыўна ўдзельнічаюць у працы ПАСЕ, “нягледзячы на ​​ўсе намаганні рэжыму спадара Аляксандра Лукашэнкі падарваць іх аўтарытэт і знізіць эфектыўнасць іх дзейнасці”.

“Мы ўзаемадзейнічаем з дэмакратычнымі сіламі Расіі і Беларусі, дапамагаючы ім ствараць асновы для сваіх будучых дзяржаў, дзе правы чалавека і вяршэнства права ёсць не проста замежнымі паняткамі, а неад’емнымі прынцыпамі і элементамі іх ідэнтычнасці”, — падкрэсліла кіраўніца ПАСЕ.

“Але мы робім гэта і дзеля сябе, — дадала яна, — паколькі еўрапейская бяспека не будзе гарантаваная без дэмакратычнай Беларусі і дэмакратычнай Расійскай Федэрацыі. І калі ў гэтых дзвюх краінах не адбудуцца глыбокія змены, яны і надалей будуць несці пагрозу не толькі для Еўропы, але і для ўласных грамадзян”.

Падзяліцца: