Мінск 17:44

Усе ўдзельнікі падзей 2020 года атрымалі “прававую ацэнку”, сцвярджае кіраўнік СК

Старшыня СК Канстанцін Бычак
Фота: прэс-служба СК

25 чэрвеня, Позірк. Падзеі 2020 года “сталі сур’ёзным выпрабаваннем для ўсяго дзяржаўнага апарату”, заявіў старшыня Следчага камітэта Беларусі Канстанцін Бычак 25 чэрвеня на XIV Пецярбургскім міжнародным юрыдычным форуме.

“Дэструктыўныя сілы спрабавалі рэалізаваць у нашай краіне сцэнарый “каляровай рэвалюцыі”, — цытуе чыноўніка прэс-служба СК. — Але следчыя вытрымалі гэты ціск і з гонарам выканалі свой абавязак. Прававую ацэнку атрымалі ўсе ўдзельнікі масавых беспарадкаў, іх арганізатары, асобы, якія аказвалі супраціў праваахоўнікам і — самае галоўнае — тыя, хто выношваў планы гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу”.

Паводле яго слоў, “асобы, якія ўцяклі за мяжу, не пазбеглі крымінальнага пераследу”. Бычак адзначыў, што з ініцыятывы СК у Беларусі “ўведзены і эфектыўна выкарыстоўваецца інстытут спецыяльнай вытворчасці”. Акрамя таго, “актыўна спыняюцца спробы вінаватых схаваць свой даход і маёмасць, якая трапляе пад канфіскацыю”.

Бычак заявіў, што “адным з ключавых выклікаў” застаюцца “спробы недружалюбных сіл дэстабілізаваць абстаноўку — ад тэрарыстычных пагроз да рызык узброенай агрэсіі”. У гэтых умовах пытаннем першараднай важнасці, сказаў кіраўнік ведамства, становіцца “гатоўнасць сістэмы нацыянальнай бяспекі да адбіцця любых замахаў”.

“У Следчым камітэце гэтаму пытанню надаецца ключавое значэнне, — сказаў ён. — Асабліва важны досвед расійскіх калегаў, якія выконваюць сваю працу ў рамках спецыяльнай ваеннай аперацыі (так у РФ і Беларусі называюць расійскую агрэсію супраць Украіны. — “Позірк”.). Сумесна з імі беларускія следчыя адпрацоўваюць алгарытмы дзеянняў ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых”.

“З ініцыятывы Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь ужо шосты раз праходзяць вучэнні, дзе следчыя, эксперты і вайскоўцы разам адпрацоўваюць узаемадзеянне ва ўмовах узброенага канфлікту. Гэта дае магчымасць умацоўваць прафесійную гатоўнасць, падвышаць зладжанасць і фармаваць навыкі, якія ў крытычны момант могуць стаць вырашальнымі”, ≈ дадаў Бычак.

Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года сілавы апарат Беларусі актыўна ўдзельнічаў у падаўленні пратэстаў. Небывалыя рэпрэсіі выклікалі востры грамадска-палітычны крызіс, які цягнецца дагэтуль. На думку многіх экспертаў, Аляксандр Лукашэнка змог утрымацца ва ўладзе толькі дзякуючы дапамозе РФ, што дало магчымасць Крамлю яшчэ больш прывязаць да сябе яго рэжым і ў далейшым выкарыстаць беларускую тэрыторыю для агрэсіі супраць украінскага народа.

Падзяліцца: