Мінск 16:33

Прадстаўнік гродзенскіх памежнікаў: Мы бачым, што адносіны з суседнімі краінамі наладжваюцца

25 чэрвеня, Позірк. “Апошнім часам мы бачым, што адносіны [з суседнімі краінамі] наладжваюцца”, — заявіў намеснік начальніка Гродзенскай пагранічнай групы Кірыл Шуваеў у відэаінтэрв’ю, распаўсюджаным прэс-службай Дзяржпагранкамітэта.

Раней, адзначыў ён, паміж сумежнымі пунктамі пропуску на мяжы дзейнічала прамая тэлефонная сувязь: “Нейкія былі сітуацыі — можна было спакойна зняць трубку, патэлефанаваць свайму калегу ў суседні пункт <…> і папрасіць, напрыклад, паскорыць афармленне, [удакладніць], чаму ў іх узнікла паўза ў афармленні”.

“Гэта было прасцей, зручней і лепш усім. Адпаведна, з такімі ж пытаннямі маглі патэлефанаваць яны: нешта папрасіць або ўдакладніць нейкія пытанні. <…> Магчыма, некалі да гэтага мы вернемся назад”, — дадаў Шуваеў.

На мяжы Беларусі з краінамі Еўрапейскага саюза на сёння працуе сем аўтадарожных пунктаў пропуску з 14-ці.

Абмежаванні пачалі ўводзіцца суседнімі дзяржавамі восенню 2021 года як рэакцыя на палітыку Мінска. У пэўныя перыяды Польшча і Літва поўнасцю закрывалі сухапутную мяжу з Беларуссю.

Пасажырскіх чыгуначных і авіязносін з заходнімі суседзямі няма.

Падзяліцца: