Мінск 16:33

Лукашэнка “з аптымізмам” глядзіць у будучыню адносін са Славеніяй

25 чэрвеня, Позірк. “Абапіраючыся на досвед мінулых гадоў”, Мінск імкнецца “з аптымізмам глядзець у будучыню беларуска-славенскіх адносін”, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні народу Славеніі з Днём дзяржаўнасці.

Паводле яго сцвярджэння, Беларусь “нязменна выступае за ўзаемную павагу і адкрытасць да супрацоўніцтва ў эканоміцы, культуры, спорце і іншых сферах”.

“Дата 25 чэрвеня для славенцаў стала сімвалам важнага гістарычнага выбару, імкнення да самастойнага шляху, зацвярджэння свайго месца ў свеце і ўвасабляе беражлівыя адносіны да багатай культурнай спадчыны, духоўных каранёў, роднай мовы”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Беларусь і Славенію, лічыць ён, аб’ядноўваюць “блізкасць падыходаў да пытанняў устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, жаданне захаваць нацыянальныя традыцыі і ідэнтычнасць”.

Дэмакратычныя дзяржавы не прызналі Лукашэнку легітымным прэзідэнтам пасля выбараў 2020 года. З таго часу ён віншуе са святамі не ўладзе, а народы большасці з іх.

Славенія як член Еўрасаюза ўвяла санкцыі ў дачыненні да Мінска. У сваю чаргу беларускі ўрад унёс яе ў спіс “недружалюбных краін”, у дачыненні да якіх дзейнічае шэраг абмежаванняў.

Любляна фігуруе ў дакладах “Аб сітуацыі з правамі чалавека ў асобных краінах”, якія падрыхтавалі ў 2024–2026 гадах міністэрствы замежных спраў Расіі і Беларусі.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і Аб’яднаны пераходны кабінет падтрымліваюць кантакты з кіраўніцтвам Славеніі.

Мінск і Любляна ўстанавілі дыпламатычныя адносіны 23 ліпеня 1992 года.

Тавараабарот паміж Беларуссю і Славеніяй у 2021 годзе, паводле звестак МЗС, склаў 180 млн долараў. Актуальных звестак ведамства не прыводзіць: з 2022 года краінавая статыстыка засакрэчана.

Падзяліцца: