Мінск 18:20

Ратыфікаваныя папраўкі ў дагавор аб развіцці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расіяй

26 чэрвеня, Позірк. Закон “Аб ратыфікацыі Пратакола аб унясенні змяненняў у Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб развіцці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва ад 10 снежня 2009 года” падпісаў 26 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Пратаколам прадугледжваецца ўнясенне змяненняў у названы дагавор у частцы павелічэння колькасці ўпаўнаважаных арганізацый па яго рэалізацыі, а таксама “спрашчэння парадку пастаўкі агрэгатаў, вузлоў і камплектуючых”, гаворыцца ў паведамленні.

Сцвярджаецца, што ратыфікацыя дакумента “дазволіць большай колькасці айчынных арганізацый аператыўна набываць прадукцыю ваеннага прызначэння ў Расіі”.

Згаданы пратакол ухвалены 1 кастрычніка 2025 года.

Расія актыўна ўдзельнічае ў аснашчэнні беларускай арміі ўзбраеннямі і ваеннай тэхнікай.

18 снежня 2025 года Лукашэнка заявіў, што ў Беларусь завезены расійскі ракетны комплекс “Арэшнік”. Выступаючы на Усебеларускім народным сходзе (УНС), Лукашэнка сказаў: “Ён у нас з учорашняга дня і заступае на баявое дзяжурства”.

Сцвярджаецца, што ў 2025 годзе на беларускай тэрыторыі размешчаная тактычная ядзерная зброя РФ.

14 жніўня 2025-га паведамлялася, што прыбыла яшчэ адна партыя самалётаў “у рамках ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва” паміж Беларуссю і Расіяй для “павышэння магчымасцяў Ваенна-паветраных сіл па забеспячэнні бяспекі Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы”.

У канцы траўня мінулага года на адзін з вайсковых аэрадромаў Беларусі прыбыла першая партыя знішчальнікаў Су-30СМ2, “самалёты атрыманыя ў адпаведнасці з планам будаўніцтва і развіцця Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і вайскова-тэхнічнага развіцця з Расійскай Федэрацыяй”, паведамілі ў Мінабароны.

У лістападзе 2024 года ў Беларусь была дастаўлена чарговая батарэя зенітных ракетных комплексаў “Тор-М2”, дапрацаваная расійскімі канструктарамі “з улікам досведу іх прымянення” на вайне супраць Украіны.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайсковую агрэсію супраць Украіны, якая была падтрыманая ўладамі ў Мінску. З пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней, тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўвалася расійскім войскам для нанясення ўдараў па Украіне.

Падзяліцца: