Лукашэнка прапанаваў Мадагаскару ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва і дапамогу ў механізацыі АПК
26 чэрвеня, Позірк. Супрацоўніцтва ў механізацыі сельскай гаспадаркі, ахове здароўя, адукацыі і ваеннатэхнічнай сферы прапанаваў Мадагаскару Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні прэзідэнту Мадагаскара Мікаэлю Рандрыянірыне з Днём Незалежнасці 26 чэрвеня.
“Беларусь яшчэ паўстагоддзя таму, знаходзячыся ў складзе СССР, аказвала падтрымку Мадагаскару ў розных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
На думку віншавальніка, “актывізацыя ўзаемавыгаднага партнёрства поўнасцю адпавядае інтарэсам абедзвюх краін”, ён “пацвердзіў гатоўнасць да дыялога на ўсіх узроўнях”.
Лукашэнка сцвярджае, што Беларусь “мае паспяховы вопыт рэалізацыі на Афрыканскім кантыненце праектаў, накіраваных на забеспячэнне харчовай бяспекі грамадзян”.
Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі былі ўстаноўлены 28 мая 1993 года. Дыпламатычныя і консульскія інтарэсы Мадагаскара ў Беларусі прадстаўляе пасольства Мадагаскара ў Расіі.
Тавараабарот паміж краінамі знаходзіцца на невысокім узроўні і носіць эпізадычны характар, складаючы каля некалькіх сотняў тысяч даляраў ЗША ў год. Гандлёвы баланс традыцыйна складваецца на карысць Беларусі, таму што Мадагаскар амаль не ажыццяўляе прамых паставак на яе рынак.
У 2024 годзе Беларусь экспартавала на Мадагаскар тавараў усяго на 163 тыс. долараў. Паводле звестак Абсерваторыі эканамічнай складанасці (OEC), за апошнія пяць гадоў беларускі экспарт павялічваўся на 21,9% (з 60,6 тыс. долараў у 2019 годзе да згаданай сумы ў 2024-м).
Рандрыянірына (1974 года нараджэння) прыйшоў да ўлады на астраўной дзяржаве ў выніку ваеннага перавароту на фоне масавых пратэстаў супраць эканамічнай палітыкі тагачаснай улады. 15 кастрычніка 2025 года ён уступіў на пасаду “прэзідэнта адраджэння Рэспублікі Мадагаскар”, праз два дні прынёс прысягу як прэзідэнт — без выбараў.
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка


