Мінск 18:08

Латушка: Рэжым Лукашэнкі ніколі не быў настолькі падрыхтаваны да вайны, як сёння

Крыніца: ютуб-канал Паўла Латушкі / скрыншот "Позірку"

31 ліпеня, Позірк. “Можам з поўнай упэўненасцю сцвярджаць, што рэжым Лукашэнкі ніколі не быў настолькі падрыхтаваны да вайны, як сёння“, — з такой заявай выступіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання (НАУ) Павел Латушка на прэс-канферэнцыі ў Варшаве 31 ліпеня.

Палітык прэзентаваў апублікаваны некалькімі гадзінамі пазней аналітычны даклад НАУ “Сістэмная падрыхтоўка рэжыму Лукашэнкі да магчымага ўступлення ў вайну на баку Расіі і рэкамендацыі па прадухіленні гэтага сцэнару”.

Паводле Латушкі, ідзе ментальная падрыхтоўка грамадства да вайны, сістэма аховы здароўя перабудоўваецца на выпадак спецыяльных вайсковых патрэбаў.

З 2022 па 2025 год улады стваралі “юрыдычную, эканамічную, палітычную і ідэалагічную інфраструктуру“, якая спрашчае пераход на ваеннае становішча, канстатаваў ён.

Рэжым, гаворыцца ў дакладзе, змяніў структуру ўлады, узмацніўшы ролю “Усебеларускага народнага сходу“, які “атрымаў новыя функцыі, звязаныя з прыняццем рашэнняў аб уступленні ў вайну“.

“Законы аб ваенным і надзвычайным становішчы адаптаваныя для ўмоў узброенага канфлікту. Таксама прыняты шэраг стратэгічных дакументаў, якія дапускаюць удзел Беларусі ў ваенных дзеяннях па ініцыятыве саюзніка — Расіі”, — адзначае арганізацыя.

Змяненне Канстытуцыі ў 2022 годзе пазбавіла Беларусь статусу нейтральнай і бяз’ядзернай дзяржавы, у красавіку 2024 года была зацверджана новая Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і абноўленая Ваенная дактрына, нагадалі ў НАУ.

Згадваецца стварэнне “народнага апалчэння”, спрашчэнне працэдуры мабілізацыі.

З 2024 года адзначаецца павелічэнне інтэнсіўнасці вучэнняў з удзелам тэрытарыяльных войскаў і грамадзянскага персаналу.

“У 2025 годзе выдаткі на абарону павялічыліся на 32% у параўнанні з папярэднім годам І склалі 4,7 млрд рублёў. З іх 145 млн накіраваны на мабілізацыйную падрыхтоўку”, — гаворыцца ў дакладзе.

Адзначаецца роля беларускага ваенна-прамысловага комплексу ў забеспячэнні арміі РФ і яго глыбокая інтэграванасць у расійскую абаронную прамысловасць. Праграма сумеснага развіцця ВПК дзвюх краін прадугледжвае“каардынацыю дзеянняў у выпадку вайны і сумеснае забеспячэнне фронту”.

Са спасылкай на “ацэнкі заходніх і ўкраінскіх аналітыкаў“, падкрэсліваецца, што вучэнні “Захад-2025“ восенню гэтага года могуць “стаць прыкрыццём для размяшчэння дадатковых расійскіх войскаў і інфраструктуры, а таксама паслужыць адпраўным пунктам для эскалацыі канфлікту ў рэгіёне”, бо аналагічная стратэгія была ўжытая перад поўнамаштабным уварваннем РФ ва Украіну ў лютым 2022 года.

Паводле даных НАУ, на выпадак вядзення баявых дзеянняў мадэрнізуецца транспартная інфраструктура: “Абнаўляюцца аэрадромы, масты, дарогі, ствараюцца часовыя пераправы, прыдатныя для руху цяжкай бронетэхнікі. Аднаўляюцца аб’екты ваеннай інфраструктуры часоў СССР, уключаючы склады боепрыпасаў, ангары і чыгуначныя галінкі падвойнага прызначэння“.

Для прадухілення паўторнага ўварвання з тэрыторыі Беларусі ва Украіну ці агрэсіі супраць краін НАТО НАУ рэкамендуе ЕС “нанесці папераджальны санкцыйны ўдар“ па ўладам: “Мы заклікаем нашых заходніх партнёраў перагледзець бягучы постфактумны падыход да санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі“.

“Мэта прапанаваных мер — не проста пакаранне, а прадухіленне”, — адзначылі ў арганізацыі.

Пры гэтым сам двухстаронкавы пералік мер, якія НАУ прапануе ЕС задзейнічаць супраць Мінска, у адкрытым доступе не апублікаваны.

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: