Мінск 06:03

ССА змагаюцца з беспілотнікамі, заявіў камандуючы гэтага роду войскаў на чацвёрты дзень пасля падзення ў Мінску дрона

Архіўнае фота з тэлеграм-канала Мінабароны

1 жніўня, Позірк. Сілы спецыяльных аперацый (ССА) Узброеных сіл рэагуюць на “вельмі складаную абстаноўку” вакол Беларусі, заявіў журналістам 1 жніўня камандуючы ССА Вадзім Дзенісенка.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба Міністэрства абароны, гэты род войскаў сёння “выконвае задачы па прыкрыцці ўчасткаў мяжы”.

“З аднаго боку, гэта неўласцівая для нас задача, але з другога — мы з 2022 года яе выконваем, — сказаў военачальнік. — Разумеем, што гэта неабходна, і дэманструем сваю гатоўнасць да абароны Радзімы менавіта на рубяжах”.

“Мы сёння дэманструем шмат новага — прымяненне і барацьбу з беспілотнікамі. Гэта тое, што на сённяшні дзень становіцца асноўнай формай прымянення Узброеных сіл. Мы навучаем аператараў беспілотнікаў. Гэта зусім новая катэгорыя вайскоўцаў, якія праходзяць асобную падрыхтоўку”, — дадаў ён.

Паводле сцвярджэння Дзенісенка, таксама развіваюцца такія кірункі, як “тактычная стральба, тактычная медыцына, прымяненне мінна-выбухных загарод”.

“Абстаноўка мяняецца імкліва, таму праграмы падрыхтоўкі вайскоўцаў адаптуюцца пад сучасныя ўмовы, каб людзі былі гатовыя. Гэта працяглая праца, пастаянная штодзённая праца, якая праводзіцца ўвесь час. Сілы спецыяльных аперацый сёння гатовыя да выканання задач паводле прызначэння па абароне Рэспублікі Беларусь. Гэта самае галоўнае”, — заявіў ён.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўнікамі беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў заявіў, што за чатыры гады, “знаходзячыся на адным з самых небяспечных разломаў глабальнага супрацьстаяння, Беларусь адужала захаваць галоўнае — мірнае неба над галавой”.

Адметна, што словы Дзенісенкі пра “барацьбу з беспілотнікамі” і заява Лукашэнкі пра “мірнае неба” прагучалі неўзабаве пасля таго, як у Мінску ўпаў дрон.

Ранкам 29 ліпеня партал “Люстэрка” са спасылкай на відавочцаў паведаміў, што каля 2:00 дрон урэзаўся ў шматпавярховы дом у Фрунзенскім раёне сталіцы, упаў на прыпаркаваны аўтамабіль і выбухнуў. Прыкладна праз гадзіну пасля з’яўлення інфармацыі ў СМІ Міністэрства абароны прызнала факт падзення беспілотніка.

Пазней Следчы камітэт паведаміў, што беспілотнік, які ўпаў, быў начынены тратылам і вялікай колькасцю паражальных элементаў, распачатая крымінальная справа. СК пацвердзіў, што абломкі беспілотніка пашкодзілі некалькі прыпаркаваных аўтамабіляў і прызямліліся на прылеглую да дома тэрыторыю.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” са спасылкай на ўласныя крыніцы заявіў, што сілавікі затрымліваюць жыхароў сталіцы ля месца падзення беспілотніка, верагодна, спрабуючы высветліць, хто перадаў інфармацыю незалежным СМІ. Мінская міліцыя паспяшалася назваць гэта “недакладнай інфармацыяй” і прыгразіла яе распаўсюднікам крымінальнай адказнасцю.

Аб’яднаны пераходны кабінет заклікаў беларусаў звяртацца ў мясцовыя органы ўлады і Міністэрства абароны па інфармацыю пра тое, як гарантуецца бяспека грамадзян Беларусі і чаму ў паветранай прасторы краіны знаходзяцца “небяспечныя для жыцця” БПЛА.

Летась у верасні Мінабароны было вымушанае прызнаць факт знішчэння беспілотнікаў, якія, паводле паведамленняў рэгіянальнага медыя “Флагшток”, праляталі над Гомелем.

Сёлета ў сакавіку намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпенкаў заявіў, што ў Беларусь “вельмі часта” залятаюць беспілотнікі з тэрыторыі Украіны. “Бог ахоўвае Рэспубліку Беларусь. Вось колькі яны ў палях падалі, столькі яны выбухалі. Колькі яны падалі ў населеных пунктах — Лойнікі, у Хоеве (верагодна, гаворка пра Хойнікі і Лоеў, раённыя цэнтры Гомельскай вобласці. — “Позірк”.)… Вы ведаеце, яны не выбухаюць”.

“Яны вось проста паміж дамоў падаюць, на дарогу падаюць, да дома застаецца 50–60 метраў. І, вы ведаеце, яны не дэтануюць”, — дадаў чыноўнік.

Гл. таксама:

Вось вам і мірнае неба. Беспілотнік упаў на дом у Мінску, улады малююць украінскі след (на рускай мове)

Падзяліцца: