Мінск 00:55

Лукашэнка ўсклаў на кіраўнікоў васьмі раёнаў асабістую адказнасць за “нездавальняючае гандлёвае абслугоўванне насельніцтва”

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

5 жніўня, Позірк. Указ № 294, накіраваны на “стварэнне дадатковых умоў для развіцця гандлю на тэрыторыі сельскай мясцовасці васьмі раёнаў”, падпісаў 5 жніўня Аляксандр Лукашэнка.

Як паведамляе прэс-служба падпісанта, гаворка пра Браслаўскі, Гарадоцкі, Дубровенскі, Талачынскі і Шаркаўшчынскі раёны Віцебскай вобласці, Вілейскі раён Мінскай вобласці, а таксама Касцюковіцкі і Хоцімскі раёны Магілёўскай вобласці.

Сярод іншага дакумент ускладае персанальную адказнасць на старшыняў выканкамаў гэтых раёнаў і абласцей “за нездавальняючае гандлёвае абслугоўванне насельніцтва”.

Кіраўнікі юрыдычных асоб названых рэгіёнаў, у адпаведнасці з указам, будуць асабіста адказваць “за неналежную арганізацыю рознічнага гандлю”.

Акрамя гэтага, дакумент “дае магчымасць пашыраць гандлёвыя плошчы суб’ектам гандлю, доля ў аб’ёме рознічнага тавараабароту якіх у межах названых раёнаў перавышае 20%”.

Падкрэсліваецца, што раней указам № 297 “Аб правядзенні эксперыменту” ад 26 ліпеня 2018 года “аналагічнае абмежаванне было знятае на тэрыторыі Аршанскага раёна” (Віцебская вобласць). Паводле сцвярджэння прэс-службы Лукашэнкі, гэта “аказала пазітыўны ўплыў на гандлёвае абслугоўванне насельніцтва”.

“Адначасова цяперашнім указам замацоўваецца магчымасць павелічэння гандлёвай плошчы толькі пасля заключэння з адпаведным райвыканкамам дагавора аб арганізацыі гандлёвага абслугоўвання насельніцтва і абавязковае ўзгадненне з райвыканкамамі маршрутаў руху аўтакрамаў, якія ажыццяўляюць гандаль у сельскай мясцовасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

Заяўляецца, што “выданне ўказа будзе спрыяць павышэнню сацыяльнай адказнасці суб’ектаў гандлю ў сельскай мясцовасці, а таксама паляпшэнню якасці гандлёвага абслугоўвання насельніцтва на такіх тэрыторыях”.

9 ліпеня старшыня праўлення Белкаапсаюза Інэса Караткевіч паведаміла, што на прадпрыемствы ўзначаленай ёю структуры прыпадае менш за 3% гандлёвага абароту краіны, у ёй абслугоўваюцца ў асноўным пажылыя людзі.

Сістэму спажыўкааперацыі Караткевіч назвала “міні-рэальным сектарам беларускай эканомікі”, які ажыццяўляе сваю дзейнасць у сельскай мясцовасці. У галіне гандлю яна ахоплівае 23 тыс. населеных пунктаў Беларусі і ўключае ў сябе больш за 4 тыс. стацыянарных гандлёвых аб’ектаў і 482 аўтакрамы, якія праязджаюць у сярэднім у год каля 14 млн кіламетраў, гэта значыць “36 разоў ад зямлі да Месяца”, сказала Караткевіч.

Паводле яе звестак, аўтакрамы абслугоўваюць 13,8 тыс. населеных пунктаў, амаль 6 тыс. з іх маланаселеныя — там пражывае не больш за 10 чалавек.

“Асабістая адказнасць” старшыняў райвыканкамаў за нізкаэфектыўныя сельгасарганізацыі была ўведзеная ўказам Лукашэнкі ад 25 ліпеня.

Для выхаду неэфектыўных арганізацый на прыбытковую працу аблвыканкамам даручана замацоўваць за старшынямі райвыканкамаў па адной стратнай сельгасарганізацыі, якая за справаздачны год мела найбольшую страту ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг) і не выканала нарматыў тэхналагічных страт буйной рагатай жывёлы.

У выпадку паляпшэння вынікаў яе дзейнасці чыноўнікам выплацяць прэміі, а за невыкананне паказчыкаў ім пагражае пазбаўленне даплаты за складанасць, напружанасць і інтэнсіўнасць працы.

Указ таксама дае права старшыні аблвыканкама па ўзгадненні з Лукашэнкам перавесці старшыню райвыканкама на пасаду кіраўніка замацаванай за ім арганізацыі.

Падзяліцца: