Лукашэнка: 2020 год — гэта ўрокі, урокі і яшчэ раз урокі

7 жніўня, Позірк. У чарговы раз да падзей 2020 года вярнуўся Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня на нарадзе па пытаннях дзейнасці Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
Ключавой тэмай нарады прэс-служба Лукашэнкі вызначыла “магчымае ўдасканаленне працы гэтай структуры”.
У паведамленні гаворыцца, што “некаторы час таму” старшыня КДБ Іван Церцель ініцыяваў такія змены “ў тым ліку з улікам напрацаваных за апошні час досведу і практыкі”.
“2020 год — гэта ўрокі, урокі і яшчэ раз урокі. Гэта закранула ўсе накірункі дзейнасці нашай дзяржавы, у тым ліку і Камітэт дзяржбяспекі”, — заявіў на нарадзе Лукашэнка.
“Недахопы свае мы ўбачылі ў 2020 годзе і пасля, вузкія месцы таксама мы выявілі. Трэба іх ліквідаваць. Гэта перш за ўсё трэба зрабіць”, — адзначыў ён.
Пры гэтым, дадаў Лукашэнка, нарада “звязаная не толькі з той сітуацыяй, якая складваецца ўнутры краіны”, але “больш за ўсё — з вайскова-палітычным становішчам вакол Беларусі”.
“Насцярожвае, што вельмі жудасна, агрэсіўна ў дачыненні да Беларусі настроеныя нашы суседзі — Польшча і краіны Балтыі. Ціск ажыццяўляецца па ўсіх напрамках. Больш за ўсё гэты ціск адчуваюць нашы спецыяльныя службы. Таму мы, я перш за ўсё, надаём самую пільную ўвагу працы КДБ і наогул сілавога блока”, — падкрэсліў спікер.
Паводле яго слоў, КДБ, як і іншыя дзяржструктуры, “часам пакутуе нейкай ведамаснасцю”. Таму прапановы Церцеля (іх сутнасць не раскрытая) было вырашана “падвергнуць рэвізіі” з боку Савета бяспекі і асабіста яго дзяржсакратара Аляксандра Вальфовіча.
“Такія прапановы і заключэнні былі ўнесеныя [Саветам бяспекі]. Тым не менш, паколькі гэта спецыфічная служба, спецслужба, у вузкім коле з людзьмі, якія калісьці працавалі ў КДБ, я вырашыў паглядзець на гэтыя прапановы. Спадзяюся, што мы аб’ектыўна абмяркуем гэтую тэму і прыйдзем да адпаведнага заключэння”, — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго сцвярджэння, “скарачаць грашовае забеспячэнне” КДБ або заробкі яго супрацоўнікаў “не плануецца”: “Тут якраз грошай шкадаваць не трэба для тых, хто працуе ў КДБ. Грошай чэкістам шкадаваць не трэба за канкрэтныя вынікі. Мы са старшынёй тут адладзілі гэтую сістэму. Я заўсёды пасля пэўных аперацый яго папярэджваю, што хлопцы, якія зарабілі гэтыя грошы, павінны іх атрымаць, нават звыш таго”.
Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што колькасць супрацоўнікаў камітэта не трэба павялічваць “ні ў якім выпадку”. “Вы бачыце, што адбываецца. У нас прыстойны адток ад грамадзянскіх спецыяльнасцяў у ваенныя і гэтак далей. Таму людзі патрэбныя на вытворчасці перш за ўсё. Адтуль забіраць людзей па вялікім рахунку мы не маем ніякага права. Гэта тычыцца ўсіх, у тым ліку Камітэта дзяржбяспекі. Гэта калі казаць пра колькасць”, — удакладніў ён.
На нарадзе, акрамя Лукашэнкі, Церцеля і Вальфовіча, прысутнічалі генеральны пракурор Андрэй Швед, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергеенка (раней працаваў у КДБ), кіраўнік апарата Савета міністраў Валерый Вакульчык (экс-старшыня камітэта).
У публічнай рыторыцы Лукашэнка рэгулярна вяртаецца да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, фальсіфікацыя вынікаў якіх дала старт шматтысячным пратэстам па ўсёй краіне. На думку шэрагу экспертаў, страх страціць уладу ў той перыяд нанёс яму псіхалагічную траўмы.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі, пачатыя пяць гадоў таму, не спыняюцца ў Беларусі дагэтуль.
Лукашэнка кіруе Беларуссю з 1994 года. За гэты час КДБ стаў вядучай сілавой структурай, якая дапамагае яму захоўваць уладу, ліквідаваць палітычную канкурэнцыю і ажыццяўляць рэпрэсіі.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская: Трамп меў рычагі ўплыву на Лукашэнку — ён іх выкарыстаў, цяпер яму трэба працягваць ціснуць на рэжым (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- ГрамадстваУ Рэспубліканскім афтальмалагічным цэнтры ў 2024 годзе прааперавана 900 замежнікаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка