Мінск 15:29

У верасні ў лясах знойдзена 77 чалавек, якія заблукалі, — МНС

Архіўная ілюстрацыя: МУС

15 кастрычніка, Позірк. У верасні гэтага года ў лясах было знойдзена 77 чалавек, якія заблукалі, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Адзначаецца, што з пачаткам сезона збору грыбоў традыцыйна назіраецца рост колькасці выпадкаў, звязаных са стратай арыентацыі грамадзянамі ў лясных масівах. Часта гэта адбываецца праз “грэбаванне элементарнымі мерамі бяспекі і няправільную ацэнку ўласных сіл на незнаёмай мясцовасці”.

МНС нагадвае, што, збіраючыся ў лес, варта вывучыць маршрут і мясцовасць, а таксама папярэдзіць блізкіх і “назваць арыенціровачны час вяртання”.

У лес варта ісці з зараджаным тэлефонам, паўэрбанкам і ў яркай вопратцы. Так ратавальнікам будзе значна лягчэй заўважыць чалавека нават у прыцемках. Рэкамендуецца мець у лесе запас пітной вады, ежу, медыкаменты, запалкі або запальнічку.

Паводле даных МНС на 14 ліпеня, ад пачатку года ў лясах Беларусі заблукалі 68 чалавек, сярод іх 9 дзяцей. Знойдзеныя 62 чалавекі (у тым ліку ўсе дзеці).

Колькасць людзей, якія губляюцца, павялічваецца з году ў год. На 6 жніўня 2025 года ў лясах заблукалі 50 чалавек, на 11 ліпеня 2024 года — 36 чалавек, на 11 ліпеня 2023 года — 18.

Падзяліцца: