Мінск 17:50

Жыхар Мінска абвінавачваецца ў выкарыстанні рабскай працы, двое пацярпелых памерлі

Фота: “Позірк”

20 жніўня, Позірк. Завершанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да жыхара Мінска па факце выкарыстання рабскай працы, паведамляе Следчы камітэт.

Адзначаецца, што 31-гадовы мужчына з верасня 2020 года па жнівень 2024-га на тэрыторыі сталіцы і Мінскай вобласці “знаходзіў асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, і на падставе прадастаўлення ім жылля і спіртных напояў прымушаў да працы — жабравання ў мінакоў грошай і прадуктаў харчавання”. Пры гэтым “усю міласціну ён прысвойваў”.

Паводле матэрыялаў справы, на чыгуначных вакзалах мінчанін пазнаёміўся з двума мужчынамі (63 і 69 гадоў) — жыхарамі Мінскай і Магілёўскай абласцей, якія “не мелі сталага месца жыхарства і сродкаў да існавання”. “Абвінавачаны абяцаў перавезці іх у Мінск і даць ім працу ў будаўнічай сферы, стабільны даход і дах над галавой”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Аднак, як толькі яны прыехалі ў сталіцу, сітуацыя кардынальна змянілася. Замест будаўнічых інструментаў мужчына ўручыў ім арандаваныя інвалідныя вазкі і плакаты з надпісамі аб неабходнасці аказання дапамогі. Ён заявіў, што яны будуць займацца жабраваннем, і падрабязна растлумачыў, дзе стаяць, што казаць мінакам, каб выклікаць жаль і зарабіць больш грошай”, — падкрэслівае СК.

Заяўляецца, што фігурант справы “ўстанавіў жорсткія правілы: увесь так званы даход аддаваць “гаспадару”.

“Каб пазбавіць іх магчымасці сысці або звярнуцца па дапамогу, ён забраў у ахвяр пашпарты. Без дакументаў яны адчувалі сябе бяспраўнымі і прывязанымі да месца. Мужчына выкарыстоўваў пагрозы, псіхалагічны ціск і фізічную сілу, каб прымусіць падпарадкоўвацца і выходзіць “на пункт” — да крамаў і цэркваў. З раніцы ён адвозіў іх на “працу” і забіраў позна ўвечары. Штодзённы заробак тых, хто просіў міласціну, складаў парадку 100 рублёў”, — адзначае ведамства.

Сцвярджаецца, што ўвесь гэты час “эксплуататар абражаў пацярпелых, збіваў і караў за найменшыя правіннасці”: “Ён забараняў ім ужываць ежу, здавальняць смагу, спаць, паліць і нават спраўляць натуральныя патрэбы без дазволу. Акрамя гэтага, устанавіў сістэму пакаранняў і абмежаванняў, у тым ліку за недасягненне ўстаноўленай ім нормы збіранай міласціны. За гэта ён неаднаразова абліваў ледзяной вадой мужчын і выстаўляў іх на балкон у халодную пару года”.

“Аднойчы жыхар сталіцы ўбачыў, як адзін з яго “падапечных” паліць падчас прашэння міласціны. За гэта ён адвёз яго да ракі, збіў і прымусіў сядзець у вадаёме. У далейшым, калі пацярпелыя выказвалі намер кінуць гэты занятак, ён пагражаў расправай, абяцаючы зноў адвезці і кінуць у ваду”, — удакладняецца ў рэлізе.

Пацярпелыя, як паведамляецца, “баяліся звяртацца ў міліцыю, фігурант ажыццяўляў пастаянны кантроль”. Акрамя гэтага, ён “спасылаўся на наяўнасць сувязяў у праваахоўных органах і нібыта існуючы аўтарытэт у злачынным свеце, у сувязі з чым яго ахвяры маўчалі”.

Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай.

“Пацярпелыя не дажылі да дня, калі іх кат адкажа перад законам: абодва пацярпелыя памерлі праз хваробы, якія ў іх былі”, — падкрэслівае СК.

Паводле звестак ведамства, за кошт пацярпелых фігурант атрымаў даход у памеры больш за 60 тыс. рублёў.

“Сваю віну ён не прызнаў, аднак карпатлівая і зладжаная праца праваахоўнікаў дазволіла сабраць доказы датычнасці фігуранта да злачынства”, — гаворыцца ў паведамленні.

Раней, як заяўляецца, мужчына быў асуджаны за парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека.

Затрыманы абвінавачваецца паводле п. 2 ч. 2 арт. 1811 Крымінальнага кодэкса (выкарыстанне рабскай працы ці іншай формы эксплуатацыі чалавека <…>, здзейсненае ў дачыненні да дзвюх і больш асоб).

Гл. таксама:

МЗС пацвердзіла вызваленне з працоўнага рабства ў Іспаніі беларусаў і выкарыстала яго для прапаганды

Падзяліцца: