Трамп пра палітвязняў у Беларусі: Падобна, іх збіраюцца вызваліць у нейкі момант у даволі блізкай будучыні

6 верасня, Позірк. Беларускія палітвязні могуць быць вызваленыя ў агляднай перспектыве, вынікае з заяваў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа 5 верасня ў Авальным кабінеце падчас падпісання шэрагу дакументаў.
Палітык выказаўся з гэтай нагоды пасля падпісання ўказа, які скіраваны на “ўзмацненне захадаў па абароне грамадзян ЗША ад неправамернага затрымання за мяжой” і надае “права на жорсткія захады ў дачыненні да замежных урадаў, якія ўдзельнічаюць у такіх дзеяннях”.
Пра сітуацыю ў Беларусі Трамп згадаў, калі яму паведамілі, што ад пачатку другой прэзідэнцкай кадэнцыі па ўсім свеце атрымалася вызваліць 72 амерыканскіх грамадзяніна.
“Ведаеце, я магу расказаць вам адну гісторыю, якая адбылася некалькі тыдняў таму і была надзвычайнай. Пра яе вельмі мала пісалі, а трэба было б, — сказаў ён. — Але гэта быў вельмі добры жэст — кіраўнік Беларусі, чалавек вельмі паважаны, моцны чалавек, моцны лідар. Ён вызваліў 16 закладнікаў”.
“[Намеснік спецпасланніка ЗША па Украіне] Джон Коўл, юрыст, які працуе на мяне (выдатны юрыст, на самай справе адзін з лепшых юрыстаў), дык вось, Джон Коўл быў там і чуў, што яны маюць закладнікаў, вы ведаеце пра гэта. Ён (Аляксандр Лукашэнка. — “Позірк”.) вызваліў 16 чалавек. І я проста хачу падзякаваць кіраўніку Беларусі. Але пакуль Джон быў там, у іх, як я мяркую, было яшчэ каля 1.400 закладнікаў. Не нашых, а з усяго свету. Гэта досыць цяжкае месца, калі напраўду. Але ў іх было 1.400. І, як я разумею, яны збіраюцца вызваліць многіх з гэтых 1400. <…> Мы атрымалі сваіх назад, практычна ўсіх. І мы нічога не заплацілі, але я выказаў вялікую павагу лідару гэтай краіны. Ён, паўтару, вельмі моцны чалавек”, — дадаў Трамп.
“Але ў яго 1.400 ці 1.500, ці нейкая вялікая колькасць, і мы размаўляем пра тое, каб іх вызваліць. Некаторыя, я мяркую, палітычныя. Многія з іх палітычныя. Падобна, што іх збіраюцца вызваліць у нейкі момант у даволі блізкай будучыні. Так што гэта выдатна. Яны (улады краін, дзе маюцца такія зняволеныя. — “Позірк”.) павінны паважаць вашу краіну (маецца на ўвазе ЗША. — “Позірк”.). Калі яны паважаюць вас і вашу краіну, яны вызваляюць іх (закладнікаў. — “Позірк”.)”, — заявіў Трамп.
12 лютага 2025 года ў выніку непублічных перамоў у Мінску намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафера Сміта і прадстаўнікоў беларускіх уладаў былі вызваленыя і адпраўленыя ў Літву палітвязні Андрэй Кузнечык (супрацоўнік “Радыё Свабода”), Алена Маўшук, а таксама асуджаны ў рамках палітычна матываванай справы амерыканскі і ўкраінскі грамадзянін Мікалай Шугаеў.
21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбыліся перамовы Лукашэнкі і спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келага. Неўзабаве пасля гэтага на волю адпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек (паводле іншых звестак 16), пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.
15 жніўня — перад сустрэчай з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным на Алясцы — прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагаварыў па тэлефоне з Лукашэнкам. На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы TruthSocial амерыканскі палітык назваў “выдатнай” гутарку з “глыбокапаважаным прэзідэнтам Беларусі”.
Паводле слоў Трампа, ён пагаварыў з Лукашэнкам у тым ліку для таго, каб выказаць “падзяку за вызваленне 16 зняволеных”: “Мы таксама абмяркоўваем вызваленне яшчэ 1.300 зняволеных. Наша гутарка была вельмі плённай. Мы абмеркавалі мноства тэм, уключаючы візіт прэзідэнта Пуціна на Аляску”.
Пазней Лукашэнку патэлефанаваў намеснік спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне Кіта Келага Джон Коўл.
17 жніўня Трамп ізноў рассыпаўся ў кампліментах на адрас Лукашэнкі. У сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial ён напісаў: “Дзякуй Беларусі і яе магутнаму лідару. Я спадзяюся, што 1.300 [зняволеных] таксама хутка будуць выпушчаныя”.
Пры гэтым публікацыя ўтрымлівае гіперспасылку на пост профілю “kallitout”, у якім аўтар абвінавачвае неназваныя “левыя СМІ” ў замоўчванні пра Беларусь, дзе “прэзідэнт Трамп толькі што дамогся вызвалення [16] зняволеных”.
Дакладная колькасць палітвязняў у Беларусі невядомая. Існуе два сістэматызаваныя спісы, у якіх на 6 верасня фігуруе 1.197 (умоўная група праваабарончага цэнтру “Вясна”) і 1.328 (група ініцыятывы Dissidentby) чалавек.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаВячорка: Калі сапраўды будуць вызваленыя 1.300–1.400 чалавек, гэта будзе вялікая перамога для Белага дома, Трампа і свабоднай Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаЗа сем месяцаў Беларусь у гадавым вымярэнні прадала ў краіны па-за СНД тавараў на 5 млрд долараў менш, чым купілаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ другім квартале самыя дарагія ў ЕАЭС кароткатэрміновыя валютныя крэдыты былі ў Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваЗ пачатку верасня на беларускіх метэастанцыях зафіксавана 17 рэкордаў цяпла (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 5 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская заклікала АБСЕ "больш актыўна патрабаваць судовага пераследу за злачынствы рэжыму" (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка