МЗС уручыла ноту паверанаму ў справах Польшчы ў сувязі з рашэннем аб закрыцці мяжы

9 верасня, Позірк. Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Кшыштаф Ажана быў выкліканы 9 верасня ў МЗС, паведаміла прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Польскаму дыпламату “заяўлены вусны пратэст у сувязі з рашэннем польскага боку прыпыніць рух праз дзяржаўную мяжу на перыяд правядзення вучэнняў “Захад-2025”.
“Незаконныя меры, якія прымаюцца адной краінай, фактычна закранаюць усю мяжу Еўрапейскага саюза з Беларуссю, ствараючы значныя цяжкасці для нармальнага функцыянавання міжнароднага руху людзей і грузаў”, — гаворыцца ў паведамленні.
Дзеянні Польшчы “наносяць урон шмат якім дзяржавам як на Усходзе, так на Захадзе”, адзначылі ў МЗС.
“Гэта відавочнае злоўжыванне сваім геаграфічным становішчам, “прыватызацыя” меж ЕС і ЕАЭС, Захаду і Усходу. Гэты крок выглядае беспадстаўным, асабліва ўлічваючы поўную адкрытасць і празрыстасць беларускіх вучэнняў для міжнароднай супольнасці”, — заявіла ведамства.
Паводле сцвярджэння МЗС, анансаванае закрыццё мяжы “сведчыць хутчэй пра намер схаваць свае ўласныя дзеянні, чым пра наяўнасць якой-небудзь пагрозы з боку Беларусі”.
“Падобныя захады з’яўляюцца працягам курса на падрыў адносін з суседнімі краінамі і спрыяюць далейшай эскалацыі напружанасці ў рэгіёне, ствараючы рызыкі для стабільнасці і прадказальнасці ў міжнародных стасунках”, — падкрэсліваецца ў заяве.
Адзначаецца, што пазіцыя МЗС таксама “даведзена да ведама” паверанага ў справах ЕС у Беларусі Стэна Нёрлава. “Еўрапейскі дыпламат запэўніў, што дзеянням Польшчы будзе дадзена адпаведная ацэнка на прадмет суразмернасці прынятых мер і рэальнай ступені пагрозы”, — сцвярджае знешнепалітычнае ведамства.
Раней прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што ў ноч на пятніцу 12 верасня Варшава закрые мяжу з Беларуссю, у тым ліку чыгуначныя пераходы. Рашэнне звязана з запланаванымі беларуска-расійскімі стратэгічнымі вучэннямі “Захад-2025”.
“[Памежныя пераходы] будуць адкрыты толькі тады, калі мы будзем на 100% упэўненыя, што сітуацыя не ўяўляе пагрозы для Польшчы і польскіх грамадзян”, — паведаміў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі.
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская назвала маючае адбыцца закрыццё Польшчай мяжы з Беларуссю “прадказальным крокам у адказ на агрэсіўныя дзеянні [прэзідэнта Расіі Уладзіміра] Пуціна і [Аляксандра] Лукашэнкі” і адзначыла, што дэмсілы “кантактуюць з Міністэрствам замежных спраў Польшчы і ў бліжэйшы час даведаюцца, як будуць дзейнічаць гэтыя абмежаванні”.
Маштабныя вучэнні “Захад-2025” пройдуць 12–16 верасня. У час вучэнняў будуць адпрацаваныя “планаванне прымянення” ядзернай зброі і комплексу “Арэшнік”, а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеянні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.
Адносіны Мінска і Варшавы яшчэ больш абвастрыліся пасля затрымання ў Лепелі (Віцебская вобласць) Гжэгажа Гавела 1998 года нараджэння, які пражывае ў Кракаве (пасля высветлілася, што ён манах-кармеліт). У прапагандысцкім фільме на дзяржТВ (выйшаў 4 верасня) яго абвінавацілі ў зборы сакрэтнай інфармацыі для спецслужбаў сваёй краіны. Польшча паабяцала адрэагаваць на тое, што адбылося.
Мяжа Беларусі з Польшчай выкарыстоўваецца Кітаем для транзіту сваіх тавараў у краіны Еўрасаюза. 24 чэрвеня 2024 г. тагачасны прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда абмеркаваў у Пекіне з лідарам КНР Сі Цзіньпінам крызіс на беларуска-польскай мяжы. Паводле слоў Дуды, “гібрыдная атака” (так ён назваў спробы масавага пранікнення нелегалаў з трэціх краін з тэрыторыі Беларусі, якія працягваюцца з вясны 2021 года) на мяжы стала перашкодай для рэалізацыі кітайскай ініцыятывы “Пояс і шлях”.
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 9 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка