Турчын чакае чарговых “чорных лебедзяў” у эканоміцы

23 верасня, Позірк. “Адназначна ахарактарызаваць” цяперашні стан эканомікі “складана, бо працаваць даводзіцца ў вельмі няпростых умовах”, заявіў 23 верасня прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын па выніках дакладу Аляксандру Лукашэнку.
У прыватнасці, як перадае прэс-служба Саўміна, Турчын паскардзіўся на “санкцыйны ціск”, а таксама “новыя недружалюбныя рашэнні і крокі ў адносінах да Беларусі, як, напрыклад, закрыццё мяжы Польшчай”.
“Мы кожны дзень жывём у нейкіх чаканнях чарговых, як я кажу, “чорных лебедзяў”, — сказаў прэм’ер. — Мне здаецца, што спакойнага жыцця ўжо дакладна не будзе. Будуць узнікаць тыя ці іншыя праблемы. Наша задача — з імі эфектыўна спраўляцца”.
Паводле слоў Турчына, ураду важна “не дапусціць ніякага абвалу”, каб “рост [эканомікі] быў збалансаваным”. Разам з тым, падкрэсліў ён, нельга забяспечваць рост “у шкоду іншым паказчыкам”.
Кіраўнік урада таксама адзначыў важнасць таго, каб аб’ёмы вытворчасці “не суправаджаліся ростам складскіх запасаў і дэбіторскай запазычанасці”. “Урад вельмі інтэнсіўна працуе ў гэтым кірунку, працуем з нашымі партнёрамі з ЕАЭС, Расійскай Федэрацыі. Ёсць шэраг дамоўленасцяў, якія дазваляюць нам з пэўным аптымізмам глядзець наперад”, — дадаў прэм’ер.
Ён адзначыў наяўнасць “некаторых праблем” з асобнымі прадпрыемствамі і галінамі, якім у свой час была аказана дзяржаўная падтрымка і якія “не спраўляюцца з выкананнем сваіх даўгавых абавязацельстваў”.
Прапрацоўка стратэгічных рашэнняў, што тычацца перадусім канцэрнаў “Беллесбумпрам” і “Беллегпрам”, удакладніў Турчын, ужо вядзецца і “простых рашэнняў сярод іх няма”. Паводле яго слоў, цягам года плануецца ўносіць адпаведныя прапановы на разгляд Лукашэнку.
10 сакавіка Турчын быў прызначаны прэм’ер-міністрам (раней займаў пасаду старшыні Мінаблвыканкама). Неўзабаве пасля прызначэння прэм’ер заявіў, што Беларусь цяпер жыве “ў эпоху “чорных лебедзяў” і “які “чорны лебедзь” з’явіцца заўтра, вельмі складана спрагназаваць”.
6 красавіка кіраўнік урада заявіў, што ўказ прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб тарыфах на імпартныя тавары падобны на “чорнага лебедзя”. “Я ж казаў пра “чорных лебедзяў”, — сказаў чыноўнік, удакладніўшы, што тое, што адбываецца, “прыблізна” падыходзіць пад гэтае азначэнне. Паводле кіраўніка ўрада, толькі “час пакажа”, як гэтыя абставіны адаб’юцца на беларускай эканоміцы.
“Чорны лебедзь” — тэорыя амерыканскага публіцыста Насіма Нікаласа Талеба, якая разглядае цяжкапрагназуемыя і рэдкія падзеі з істотнымі наступствамі.
Упершыню яна была прадстаўленая ў кнізе “Чорны лебедзь. Пад знакам непрадказальнасці” (The Black Swan: The Impact of the Highly Improbable), якую ён апублікаваў у 2007 годзе.
На думку аўтара, падзея павінна мець тры характарыстыкі, каб лічыцца “чорным лебедзем”: быць анамальнай і нечаканай (“нічога ў мінулым яе не прадказвала”); мець вялізную сілу ўздзеяння; быць рэтраспектыўна прадказальнай (людзі прыдумваюць тлумачэнне ўжо таму, што адбылося, пасля чаго падзея перастае здавацца сюрпрызам).

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства18% насельніцтва Беларусі старэйшыя за 65 гадоў — даныя Мінпрацы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа чатыры гады колькасць пабудаваных у Беларусі кватэр зменшылася на 17,2% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваНа беларускіх метэастанцыях два дні запар абнаўляліся гістарычныя рэкорды цяпла (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+