Мінск 15:33

Літва падоўжыла да снежня закрыццё паветранай прасторы на мяжы з Беларуссю

Фота: freepik.com

2 кастрычніка, Позірк. Да 1 снежня падоўжанае закрыццё паветранай прасторы Літвы на мяжы з Беларуссю, паведамляе інфармацыйнае агенцтва BNS са спасылкай на Міністэрства абароны гэтай балтыйскай краіны.

Закрыццё паветранай прасторы будзе дзейнічаць датуль, пакуль новае заканадаўчае рэгуляванне не дазволіць камандуючаму Узброенымі сіламі закрываць асобныя раёны, сказала міністр нацыянальнай абароны Літвы Давіле Шакалене.

“Мы будзем трымаць пэўную частку паветранай прасторы закрытай датуль, пакуль не правядзем усю дакладную практычную працу, і тады мы зможам вельмі дакладна і акуратна закрываць яе там, дзе нам гэта трэба, калі нам гэта трэба, магчыма, на вельмі кароткія перыяды часу”, — удакладніла Шакалене.

Як паведамлялася, першапачаткова Літва закрыла паветраную прастору ўздоўж часткі мяжы з Беларуссю ў жніўні да 1 кастрычніка.

Такое рашэнне прыняло Міністэрства транспарту і камунікацый пасля атрымання запыту ад галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі.

“Гэта было зроблена з улікам сітуацыі з бяспекай і пагроз грамадству, уключаючы рызыкі для грамадзянскай авіяцыі, якія ўзнікаюць з-за парушэнняў паветранай прасторы беспілотнымі лятальнымі апаратамі, а таксама неабходнасць стварэння неабходных умоў для выканання літоўскімі вайскоўцамі задач, устаноўленых законам у мірны час, у адказ на такія і аналагічныя парушэнні паветранай прасторы”, — гаварылася ў каментары Міністэрства абароны.

Палёты ў зонах абмежаванага доступу магчымыя ў выключных выпадках пры атрыманні дазволу галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Літвы.

Агульная працягласць мяжы Літвы з Беларуссю складае 679 кіламетраў. Якая частка паветранай прасторы закрытая, не ўдакладняецца.

10 ліпеня ў Літву з Беларусі заляцеў расійскі дрон. Раніцай 28 ліпеня паліцыя папярэдзіла грамадзян аб уварванні з тэрыторыі Беларусі БПЛА неўстаноўленага тыпу.

16 ліпеня Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту з рашучым пратэстам у сувязі з “незаконным парушэннем паветранай прасторы шматфункцыянальным беспілотным лятальным апаратам “Гербера” расійскай вытворчасці”.

Знешнепалітычнае ведамства адзначыла, што беспілотнік уляцеў у Літву 10 ліпеня з боку Беларусі і ўпаў “прыкладна за адзін кіламетр ад дзяржаўнай мяжы”.

МЗС “настойліва запатрабаваў” ад Беларусі “ў самыя кароткія тэрміны даць тлумачэнні з нагоды гэтага інцыдэнту і прыняць усе неабходныя меры, каб падобныя выпадкі не паўтараліся ў будучыні”.

Падзяліцца: