Мінск 10:12

Беларусі і Іраку трэба “пашыраць гандлёва-эканамічныя, культурныя і гуманітарныя кантакты”, перакананы Лукашэнка

Багдад, Ірак
Ілюстрацыйнае фота: alwanoday3 / pixabay.com

3 кастрычніка, Позірк. Упэўненасць у тым, што Мінску і Багдаду трэба “ўмацоўваць двухбаковыя сувязі, пашыраць гандлёва-эканамічныя, культурныя і гуманітарныя кантакты”, выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы прэзідэнта Ірака Абдула Латыфа Рашыда і “ўсіх грамадзян краіны” з Днём незалежнасці.

3 кастрычніка 1932 года Ірак, які на той момант быў каралеўствам, абвясціў фармальную незалежнасць ад Вялікабрытаніі, аднак насамрэч Лондан уплываў на Багдад яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў. Брытанскія вайсковыя базы былі выведзеныя з тэрыторыі краіны ў 1961 годзе, да таго моманту ў Іраку адбылася рэвалюцыя — манархія была знішчаная, новая ўлада ўстала на шлях дыктатуры.

Аднак, на думку Лукашэнкі, пасланне якога прыводзіць яго прэс-служба, Дзень незалежнасці, прывязаны да даты 93-гадовай даўніны, з’яўляецца “яркім сімвалам сапраўднай мужнасці і стойкасці іракскага народа ў яго імкненні да свабоды і самастойнасці”.

Беларускі палітык адзначыў, што Мінск “высока шануе сяброўскія стасункі” з Іракам. Гэтыя стасункі, як ён лічыць, заснаваныя на “ўзаемнай павазе і шчырай зацікаўленасці ў развіцці супрацы ва ўсіх сферах”.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Іракам усталяваныя ў снежні 1996 года. У Мінску працуе іракская амбасада, у Багдадзе беларускай няма (інтарэсы Мінска прадстаўляе амбасадар Беларусі ў Турцыі). У лістападзе 2021 года, падчас вострай фазы міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЕС, Міністэрства замежных спраў Ірака вырашыла закрыць ганаровыя консульствы Беларусі ў Багдадзе і Эрбілі.

Паводле інфармацыі Абсерваторыі эканамічнай складанасці, якая акумулюе даныя міжнародных арганізацый аб сусветным знешнім гандлі, тавараабарот паміж Мінскам і Багдадам у 2021 годзе склаў каля 40,5 млн долараў (беларускі экспарт — 3,4 млн, іракскія пастаўкі — 37,1 млн). Актуальных даных у адкрытым доступе няма.

Падзяліцца: