Мінск 16:08

ЕАБР: Пашырэнне крэдытавання ў Беларусі працягне падтрымліваць рост унутранага попыту

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

3 лістапада, Позірк. Пашырэнне крэдытавання ў Беларусі працягне падтрымліваць рост унутранага попыту, гаворыцца ў новым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).

Аналітыкі звярнулі ўвагу на тое, што рост крэдытавання ў нацыянальнай валюце “паскорыўся да 1,2% м/м (месяц да месяца. — “Позірк”.) у верасні 2025 года пасля 0,3% м/м у жніўні”.

Ключавым фактарам у гэтым плане, адзначыў ЕАБР, стала “павелічэнне крэдытнага партфеля юрыдычных асоб (+1,3% м/м) у верасні пасля скарачэння (-0,2% м/м) у жніўні”.

“Пашырэнне адбывалася за кошт дзяржаўных прадпрыемстваў (+2,6% м/м) пры скарачэнні запазычанасці па крэдытах прыватнага сектара (-0,4% м/м), — гаворыцца ў аглядзе. — Партфель фізічных асоб працягнуў расці ранейшымі тэмпамі (+1,1% м/м)”.

За студзень — верасень банкі павялічылі аб’ём крэдытавання эканомікі на 14%, заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка 29 кастрычніка пасля даклада Аляксандру Лукашэнку.

“Хуткімі тэмпамі расце інвестыцыйнае крэдытаванне, — сказаў ён. — Гэта таксама не само сабой, што называецца, узялося. Гэта мэтанакіраваная палітыка Нацыянальнага банка па стымуляванні менавіта інвестыцыйнага крэдытавання. За дзевяць месяцаў было інвестыцыйных крэдытаў выдадзена на 4,5 мільярда рублёў — на 60% больш, чым летась”.

Кажучы пра ліквіднасць банкаўскай сістэмы, кіраўнік рэгулятара адзначыў яе “дастаткова добры ўзровень”: “Рэсурсная база складае больш за 150 мільярдаў рублёў. І банкаўская сістэма гатовая крэдытаваць па прымальных стаўках практычна любыя акупныя праекты, што будуць прапанаваныя з боку рэальнага сектара эканомікі”.

Адначасова, паводле яго сцвярджэння, не спыняецца крэдытаванне фізічных асоб, хоць рэгулятар распачаў “пэўнае дзеянне, каб некалькі засушыць, так бы мовіць, неабумоўленае крэдытаванне”.

“Акцэнт зроблены на крэдытаванне набыцця тавараў айчыннай вытворчасці. На сённяшні дзень такіх крэдытаў выдадзена ўжо на суму больш як 1 мільярд рублёў — на 23% вышэй, чым за дзевяць месяцаў мінулага года”, — падкрэсліў Галоўчанка.

Падзяліцца: