Мінск 23:49

СК распачаў крымінальную справу ў дачыненні да замежнага перавозчыка за падробку VIN-нумара грузавіка

Фота: прэс-служба ДМК

4 лістапада, Позірк. Мінская рэгіянальная мытня выявіла факт падробкі VIN-нумара грузавога аўтамабіля зарэгістраванага ва Узбекістане перавозчыка, паведаміла 4 лістапада прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, парушэнне выявілася падчас інспекцыі змесціва двух грузавікоў гэтага перавозчыка, якія знаходзіліся ў пункце мытнага афармлення “Мінск-ТЛЦ-2” (Шчытамірычы, Мінскі раён).

“Пры праверцы дакументаў на аўтамабілі мытнікі высветлілі, што звесткі, пазначаныя ў тэхпашпарце на адзін транспартны сродак, не адпавядаюць фактычна наяўным на вялікагрузе, — гаворыцца ў паведамленні. — Сімвалы нанесенага на кузаў другога грузавіка VIN-нумара мелі няроўнасці і зацёртасці. Для вызначэння сапраўднасці ідэнтыфікацыйнага нумара прызначаная экспертыза. Падчас яе і выяўленыя прыкметы відазмянення шляхам механічнага выдалення пласта металу з наступным нанясеннем знакаў другаснай маркіроўкі”.

У сувязі з неадпаведнасцю аднаго транспартнага сродку тэхнічным дакументам мытня распачала працэс паводле ч. 1 арт. 15.5 КаАП (недэклараванне або прадстаўленне недакладных звестак пра тавары).

Па факце відазмянення VIN-нумара на другім грузавіку Мінскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў у дачыненні да перавозчыка справу паводле ч. 1 арт. 381 КК (падробка або знішчэнне ідэнтыфікацыйнага нумара транспартнага сродку).

Падзяліцца: