Мінск 17:43

Беларусы ганарацца ўдзелам у барацьбе Анголы за “самастойнасць” у часы СССР, заяўляе Лукашэнка

11 лістапада, Позірк. Беларусы ганарацца тым, што ў часы СССР “у складзе адзінай савецкай дзяржавы дапамагалі слаўнаму ангольскаму народу ў яго самаадданай барацьбе за самастойнасць”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 лістапада, віншуючы прэзідэнта Анголы Жаау Лоўрэнсу з 50-годдзем незалежнасці.

“За паўстагоддзя свайго існавання ваша краіна прайшла цяжкі шлях станаўлення і развіцця. Сёння Ангола — суверэнная дзяржава, адзін з лідараў на афрыканскім кантыненце, з моцным эканамічным патэнцыялам і палітычным аўтарытэтам у свеце”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Мінск застаецца “верным і надзейным партнёрам Луанды” і гатовы да “пашырэння ўзаемадзеяння ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і культурнай сферах у першую чаргу праз рэалізацыю сумесных праектаў у сельскай гаспадарцы, машынабудаванні, здабыўной прамысловасці, адукацыі і навуцы”, адзначыў віншавальнік.

Ён прапанаваў у гэтай сувязі актывізаваць двухбаковыя кантакты на ўсіх узроўнях.

Летась у аналагічным віншаванні Лукашэнка таксама пацвердзіў зацікаўленасць у далейшым пашырэнні двухбаковых кантактаў і развіцці дагаворна-прававой базы з Анголай.

Беларускія ўлады лічаць Анголу перспектыўным партнёрам і хочуць пастаўляць туды прадукты харчавання і тэхніку.

Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі ўстаноўлены ў красавіку 1995 года. Амбасадар Беларусі ў ПАР акрэдытаваны ў Анголе і Батсване па сумяшчальніцтве.

Узаемны тавараабарот з Анголай у 2021 годзе склаў 88,473 млн долараў (экспарт — 88,422 млн, імпарт — 51 тыс., дадатнае сальда — 88,371 млн). Актуальных звестак у адкрытым доступе няма.

Грамадзянская вайна ў Анголе (1975–2002) — буйны ўзброены канфлікт на тэрыторыі краіны паміж рознымі групоўкамі. СССР у 1975 годзе накіраваў на дапамогу адной з груповак, Народнаму руху за вызваленне Анголы — Партыі працы, каля 200 ваенных спецыялістаў, да ангольскіх берагоў таксама прыбылі баявыя караблі. СССР і яго саюзнікі паставілі групоўцы шмат рознага ўзбраення.

Страты СССР склалі 54 загінулых, дзесяць параненых і адзін палонны (паводле іншых даных, у палон трапілі тры чалавекі).

Падзяліцца: