Мінск 17:42

Свет хоча адысці ад долара — крыптавалюта з’яўляецца адным з такіх варыянтаў, лічыць Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: Andre Francois Mckenzie / unsplash.com

14 лістапада, Позірк. Майнінг крыптавалют, электратранспарт, будаўніцтва жылля з электраацяпленнем з’яўляюцца “перспектыўнымі напрамкамі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада на нарадзе пра вынікі пяці гадоў працы Беларускай АЭС, павелічэнне электраспажывання і пашырэнне ядзерных магутнасцяў.

“Я тут усялякія запіскі прачытаў і меркаванні, — цытуе спікера яго прэс-служба. — У адной з запісак пішуць, што майнінг крыптавалют можа быць нестабільным. Недзе вышэйшы, недзе ніжэйшы. У нас цяпер увесь свет хварэе на глабальную праблему — адысці ад залежнасці ад адной валюты — долара. І гэты працэс будзе нарастаць. І крыптавалюта з’яўляецца, мусіць, адным з варыянтаў адыходу”.

Лукашэнка, як ён сам прызнаўся, не разумее прычын для перажыванняў: “Валацільнасць нейкая… Ну, напэўна, будзе. Але ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць”.

Паводле слоў палітыка, у краіне развіваецца электратранспарт — не толькі ў буйных гарадах: “Пілотныя праекты па пераводдзе грамадскага транспарту на электрычны ўкаранёныя ў Жодзіне, Наваполацку, Шклове. А ў цэлым на сённяшні дзень у краіне эксплуатуецца больш як 44 тысячы электрамабіляў і налічваецца звыш 1.870 зарадных станцый”.

У Лукашэнкі “выклікае здзіўленне”, чаму існуе недахоп прыгараднага і міжгародняга грамадскага транспарту: “Людзі крыўдзяцца — стаяць, асабліва ў гадзіны пік, па 150 метраў, як яны пішуць, у чэргах, каб уціснуцца ў гэтую маршрутку смярдзючую. Слухайце, чаго вы з людзей здзекуецеся?!”

“Мы што, не можам замяніць гэтыя маршруткі? — задаў ён пытанне прэм’ер-міністру Аляксандру Турчыну. — Трэба паставіць, аж да таго, што не толькі на рухавіках унутранага згарання аўтобусы, але і электробусы паставіць. І хай ідуць. З задавальненнем людзі паедуць. Камфортна, паветрам дыхаюць у гэтым аўтобусе, не сядзяць [у маршрутках] заціснуўшыся. Аляксандр Генрыхавіч, ну што гэта, зноў мае ўказанні патрэбныя? Трэба бачыць, чым людзі жывуць. Мы проста гэта можам зрабіць, і гэта акупны праект”.

На яго думку, без электрычнай энергіі не можа быць эканомікі: “Мы машынабудаўнічая краіна. Ды і ў сельскай гаспадарцы. Мы практычна ўсюды можам перавесці наш транспарт у сельскай гаспадарцы, наогул па краіне, на электрычнасць”.

Лукашэнка нагадаў, што кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік абяцаў распрацаваць у Беларусі айчынную электрабатарэю, што ў выпадку поспеху дазволіла б не закупляць адпаведныя камплектуючыя за мяжой.

“Вось гэта будзе прарыў. Вось няхай нашы навукоўцы пакажуць свой спрыт. Атрымаеце неймаверныя грошы за гэта. Тым больш, гэта ж не навінка”, — падсумаваў палітык.

У Беларусі вырашана будаваць трэці блок дзейнай АЭС, але ад ідэі збудаваць другую станцыю таксама не адмаўляюцца

14 лістапада, Позірк. Пра прынятае рашэнне будаваць дадатковы — трэці — энергаблок на дзейнай Беларускай АЭС паведаміў журналістам намеснік прэм'ер-міністра, былы міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч 14 лістапада пасля профільнай нарады ў Аляксандра Лукашэнкі. "Па выніках нарады прынятае рашэнне пра развіццё …

Атамную энергетыку падтрымлівае больш за 80% жыхароў Беларусі, сцвярджае Лукашэнка

14 лістапада, Позірк. Атамную энергетыку падтрымлівае больш за чатыры пятыя жыхароў краіны, з такім сцвярджэннем выступіў Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада ў Мінску на нарадзе па выніках пяці гадоў працы Беларускай АЭС, павелічэнні электраспажывання і пашырэнні ядзерных магутнасцей. "Змянілася стаўленне беларусаў …
Падзяліцца: