Мінск 23:20

Група парламентарыяў ЗША заклікала адміністрацыю Трампа быць пільнымі ў справах з Лукашэнкам, развіваць стасункі з Ціханоўскай

Ілюстрацыйнае фота: cottonbro studio / pexels.com

15 лістапада, Позірк. Міжпартыйная група амерыканскіх парламентарыяў заклікала адміністрацыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа працягваць намаганні па вызваленні палітвязняў у Беларусі, пахваліўшы за ўжо зробленую працу, гаворыцца ў дайджэсце навін POLITICO.

Паводле звестак медыя, сенатар-рэспубліканец Джон Кёрціс, а таксама сенатар-дэмакрат Пітэр Уэлч і дэмакраты — члены Палаты прадстаўнікоў Стыў Коэн і Джо Уілсан 13 лістапада накіравалі дзяржсакратару Марка Рубіё ліст, у якім таксама заклікалі адміністрацыю Трампа праяўляць “сталую пільнасць” у стасунках з Аляксандрам Лукашэнкам.

Акрамя таго, яны рэкамендавалі Дзярждэпартаменту ЗША развіваць стасункі са Святланай Ціханоўскай, якая ў падборцы названая “лідарам апазіцыі, які знаходзіцца ў выгнанні”.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў сваю чаргу падзякавала згаданым парламентарыям за ліст, у якім яны “высока ацанілі нядаўнія намаганні па вызваленні палітычных зняволеных у Беларусі і заклікалі да “сталай пільнасці” ва ўсіх кантактах з рэжымам Лукашэнкі”.

“Я глыбока шаную іх заклік да ўмацавання супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Наша праца працягваецца да тае пары, пакуль кожны палітычны вязень у нашай краіне не будзе вольны”, — напісала яна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

9 лістапада Трамп паведаміў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што намінаваў 78-гадовага Джона Коўла на пасаду спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі. “Ён ужо паспяхова дамогся вызвалення 100 Закладнікаў (так амерыканскі кіраўнік называе палітвязняў; “закладнікі” ў арыгінале з вялікай літары. — “Позірк”.) і мае намер дамагчыся вызвалення яшчэ 50. Загадзя хацеў бы падзякаваць шаноўнаму прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за яго ўвагу да пытання вызвалення гэтых людзей”, — адзначыў палітык.

Да таго моманту Коўла прадстаўлялі як намесніка Кіта Келага — спецпасланніка Трампа па Украіне. У 2025 годзе Коўл удзельнічаў у вызваленні (з далейшым вывазам у Літву) дзвюх груп палітвязняў, а таксама замежных грамадзян без гэтага статусу: 21 чэрвеня — 14, а таксама 11 верасня — 52 (агулам 66, а не 100, як заявіў Трамп; пры гэтым дастаўлены да мяжы Мікалай Статкевіч адмовіўся выязджаць з краіны і, мяркуючы па намёках Лукашэнкі, вернуты ў калонію).

14 кастрычніка на нарадзе па пытаннях “глабальнай міжнароднай абстаноўкі і развіцці беларуска-амерыканскіх стасункаў” Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць да “вялікай здзелкі” з ЗША.

11 верасня і 4 лістапада ЗША ў два этапы знялі санкцыі з авіякампаніі “Белавія”, у тым ліку з трох самалётаў, якія могуць мець дачыненне да Лукашэнкі і кампаніі “Слаўкалій”, што раней актыўна працавала на тэрыторыі Беларусі.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі маюць два асноўныя пералікі асоб, якіх яны прызнаюць палітвязнямі. У адным на 15 лістапада фігуруе 1.255 чалавек, у іншым — 1.300. Рэальная колькасць людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна большая.

Падзяліцца: