Мінск 02:15

Для вызвалення закладнікаў вядуць перамовы і з бандытамі, але трэба дамагацца карэнных перамен у Беларусі — Бяляцкі

16 снежня, Позірк. Для вызвалення закладнікаў вядуць перамовы з “піратамі, бандытамі і тымі, хто ўтрымлівае людзей у палоне”, сказаў нобелеўскі лаўрэат, экс-палітвязень Алесь Бяляцкі ў інтэрв’ю LRT (Літва).

“Трэба разумець, што з такімі людзьмі варта выкарыстоўваць адпаведныя інструменты і гаварыць на зразумелай ім мове, таму што, на мой погляд, цяперашняя ўлада ў Беларусі не разумее ніякай нармальнай чалавечай мовы, не разумее нармальных чалавечых стасункаў”, — лічыць Бяляцкі.

Так ён адказаў на пытанне, ці заўсёды перамовы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі або з любым іншым аб вызваленні палітычных зняволеных з’яўляюцца кампрамісам з маральнымі каштоўнасцямі, ці часам гэта адзіная магчымасць выратаваць чалавечыя жыцці.

“Палітычныя зняволеныя <…> — гэта ўмова захавання гэтай улады. Такім чынам яны нейтралізуюць сваіх апанентаў. Яны хапаюць людзей з іншым меркаваннем. Яны пашыраюць рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў беларускай культуры і тых, хто гаворыць па-беларуску. Ідзе вайна супраць усяго беларускага, супраць самой Беларусі, — сказаў праваабаронца, каментуючы дзеянні ўладаў. — Па сутнасці, гэта антыбеларускі рэжым, які дзейнічае супраць уласнага народа толькі дзеля таго, каб захаваць сваю ўладу”.

На думку Бяляцкага, рэжым “немагчыма змяніць прыгожымі словамі або добрымі намерамі”.

“Працэс абмену палітычных зняволеных <…> з’яўляецца вымушаным. Беларускія ўлады ў першую чаргу зацікаўленыя ў зняцці эканамічных санкцый. Але яны не зацікаўленыя ў тым, каб мяняць сітуацыю да лепшага, даваць людзям магчымасць жыць свабодна, свабодна выказваць сваё меркаванне”, — сказаў ён.

Сітуацыю ў Беларусі Бяляцкі апісаў як абсалютна антыдэмакратычную, “яе можна параўнаць хіба што з савецкімі часамі”: “Не з апошнім дзесяцігоддзем, а з значна больш раннім перыядам, калі любая альтэрнатыўная інфармацыя і любыя альтэрнатыўныя меркаванні людзей падаўляліся”.

Праваабаронца звярнуў увагу на працяг арыштаў нязгодных з уладамі: “Рэпрэсіі, якія вяліся раней, нікуды не зніклі. Фактычна адной рукой улады выпускаюць палітычных зняволеных, а другой — набіраюць новых, каб пасля эфектыўна “гандляваць” гэтымі людзьмі. Такая рэальнасць. І гэта ненармальна”.

“Нам неабходна, каб у Беларусі былі спынены рэпрэсіі, каб не засталося палітычных зняволеных, каб улады пайшлі на сур’ёзныя структурныя змены. Інакш такія абмены палітычных зняволеных не маюць ніякага сэнсу”, — сказаў Бяляцкі.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі (лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года), яго намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч былі затрыманыя 14 ліпеня 2021 года. 3 сакавіка 2023 года ў межах палітычна матываванай справы аб “кантрабандзе грошай” і “фінансаванні парушэння грамадскага парадку” яны былі асуджаныя да 10, 9 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна.

Бяляцкі і Лабковіч былі вызваленыя 13 снежня, Лабковіч накіраваны ва Украіну, Бяляцкі — вывезены ў Літву.

13 снежня 2025 года ў межах дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. 109 беларусаў і 5 украінцаў прыбылі на тэрыторыю Украіны праз пункты пропуску Новая Гута / Новыя Ярылавічы, праз якія Украіна і Расія звычайна праводзяць абмен палоннымі.

Падзяліцца: