Мінск 09:00

Жыхар Брэста асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі, ахвярамі яго махлярства сталі 138 чалавек

Фота: pixabay.com

8 студзеня, Позірк. 29-гадовы жыхар Брэста прыгавораны да сямі гадоў пазбаўлення волі за махлярства, паведаміла 8 студзеня Генеральная пракуратура.

Мужчына прызнаны вінаватым паводле ч. 4 арт.209 Крымінальнага кодэкса (махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры).

Ён таксама павінен выплаціць штраф у памеры 250 базавых велічынь (11.250 рублёў).

Паведамляецца, што абвінавачаны, зарэгістраваўшы юрыдычную асобу, на працягу некалькіх гадоў “здзяйсняў махлярскія дзеянні пад выглядам ажыццяўлення вытворчай дзейнасці”.

У прыватнасці, ён заключаў дагаворы з фізічнымі асобамі, у асноўным жыхарамі сельскіх населеных пунктаў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, якія з’яўляліся пенсіянерамі і састарэлымі асобамі. Фігурант, як адзначаецца, браў заказы на “выкананне работ па вырабе, набыцці, дастаўцы і мантажы вокнаў і дзвярэй з ПВХ, дзвярэй ўваходных металічных, міжпакаёвых, а таксама платоў, дахаў і тэхнікі, загадзя не маючы намеру выконваць прынятыя па іх абавязацельствы”. Звяртаецца ўвага, што “ні вытворчага абсталявання, ні памяшканняў у гаспадарчага таварыства не было”.

У выніку, паводле інфармацыі пракуратуры, абвінавачаны завалодаў грашовымі сродкамі 138 грамадзян у якасці перадаплаты.

“Для забеспячэння паступлення грашовых сродкаў мужчына заключыў дамовы з асобнымі камерцыйнымі банкамі ў рамках спажывецкага крэдытавання, што дазволіла яму афармляць і накіроўваць заяўкі фізічных асоб на атрыманне крэдытных грашовых сродкаў у банках на свае разліковыя рахункі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Нагляднае ведамства адзначае, што, даведаўшыся пра зварот пацярпелых у “праваахоўныя органы”, мужчына “пакінуў месца свайго жыхарства і паспрабаваў схавацца ў Расійскай Федэрацыі”, аднак па хадайніцтве беларускага боку ён быў там затрыманы і выдадзены “ў дзяржаву грамадзянскай прыналежнасці для прыцягнення да крымінальнай адказнасці”.

Агульная сума шкоды ад дзеянняў абвінавачанага склала больш за 429 тыс. рублёў.

Паведамляецца, што акрамя штрафу суд таксама “спагнаў з абвінавачанага на карысць пацярпелых прычыненую маёмасную шкоду, а таксама грашовыя кампенсацыі маральнай шкоды, прычыненай злачынствам”.

Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.

Падзяліцца: