Мінск 17:33

Турчын: За 2025 год узаемны тавараабарот Беларусі і РФ павялічыўся на 5,6%

Ілюстрацыя: pravo.by

2 лютага, Позірк. Беларусь і Расія “прырастаюць ва ўзаемным гандлі”, заявіў беларускі прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын 2 лютага ў Маскве на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы (СД).

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба ўрада РФ, за 2025 год тавараабарот паміж краінамі вырас на 5,6%, пры гэтым “яшчэ больш высокімі тэмпамі расце гандаль паслугамі”.

Расія, сказаў Турчын, летась “умацавала статус ключавога партнёра для Беларусі”: “Каля 60% усіх прыцягнутых прамых замежных інвестыцый прыпадае на долю расійскіх інвестараў. Пры гэтым Беларусь таксама істотна нарошчвае інвестыцыі ў эканоміку Расіі яшчэ больш хуткімі тэмпамі”.

Патэнцыял эканамічнага росту Мінск “перш за ўсё” бачыць у прамысловай кааперацыі і сумеснай рэалізацыі інавацыйных праектаў. На думку чыноўніка, гэта дазволіць забяспечыць “дададзены кошт, загрузку вытворчых магутнасцяў, эканамічную аддачу ўкладзеных сродкаў, магчымасць інвеставаць у новыя праекты, а таксама імпартанезалежнасць і тэхналагічны суверэнітэт”.

Як адзначыў Турчын, у органах СД прымаецца “шмат добрых і правільных рашэнняў”, але канчатковы вынік залежыць ад таго, як бакі “падыходзяць да іх рэалізацыі”: “Далёка не заўсёды мае месца той высокі ККД для нашых эканомік, які патэнцыйна мог бы быць”.

У сувязі з гэтым ён лічыць “прынцыпова важным” максімальна паскорыцца і завяршыць рэалізацыю мерапрыемстваў па “прызнанні электроннага лічбавага подпісу ў электронным дакуменце пры трансгранічным інфармацыйным узаемадзеянні”.

Яшчэ адным важным напрамкам беларускі прэм’ер назваў развіццё малога і сярэдняга бізнесу: “Наша задача — стварыць максімальна камфортныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання, магчымасць безбар’ернага ўзаемадзеяння паміж сабой”.

У рамках Саюзнай дзяржавы, паводле яго слоў, “упэўнена набірае тэмпы турыстычная праца”. Разам з тым, дадаў Турчын, адчуваецца недахоп інфраструктуры. Ён лічыць неабходным “стымуляванне ўзаемных інвестыцый у турыстычную інфраструктуру, выпрацаваць меры падтрымкі турызму, сінхранізаваць рэгуляванне турыстычнай дзейнасці ў дзвюх краінах, ствараць і прасоўваць турыстычныя прадукты на знешні контур”.

Беларусь на гэтым кірунку плануе адкрыць у Смаленску (РФ) турыстычны інфармацыйны цэнтр СД. “Думаю, што ў агляднай перспектыве такі ж турыстычны цэнтр мы адкрыем і ў адным з гарадоў нашай краіны”, — сказаў чыноўнік.

Дынаміка рэалізацыі сумесных праектаў з Расbяй “не моцна высокая”, заявіў новы амбасадар Беларусі ў РФ, былы міністр фінансаў Юрый Селіверстаў у эфіры тэлеканала “Беларусь 1” 25 студзеня.

На яго думку, гэта ў тым ліку звязана з “завышанымі чаканнямі ад таго, што мы хутка зможам сфармаваць нейкі там вытворчы ўчастак, кластар, набыць абсталяванне”, але гэта “не так проста аказалася, як здавалася”.

Дыпламат падкрэсліў, што, разглядаючы новыя праекты, трэба звяртаць увагу на тое, наколькі яны “хутка рэалізуюцца і акупляюцца”.

Селіверстаў падкрэсліў, што Беларусь хоча захаваць тэмпы росту тавараабароту з Расіяй, аднак пытанне не толькі ў грошах, але і ў колькасці і наменклатуры прадукцыі, якая прадаецца.

“Якая там дабаўленая вартасць? Таму што выдаткаваць масу рэсурсаў, каб прадаць шмат танных трактароў і на гэтым зарабіць тры капейкі, — гэта ж не наша самамэта. Мы павінны пастаўляць туды добрую, якасную, высокомаржынальную прадукцыю. За гэтым [будзе] і рост тавараабароту, больш прыбытку і даходаў у бюджэт. Таму што, як вы разумееце, можна ж і лапці тысячамі прадаваць, але гэта не значыць, што на гэтым моцна заробіш”, — падкрэсліў Селіверстаў.

Папярэднік Селіверстава на пасадзе амбасадара ў РФ Аляксандр Рагожнік заяўляў у снежні 2025-га, што тавараабарот паміж Беларуссю і РФ павінен вырасці па выніках года.

“Аб тавараабароце: гэты год — чарговы рэкордны год. Я спадзяюся, мы скончым 2025 год з больш за 60 млрд долараў. Таму, нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія сёння ўзнікаюць у сувязі з астуджэннем расійскай эканомікі, усё роўна гэта не стала для нас перашкодай, і мы ўсё роўна ідзем з ростам”, — заявіў дыпламат.

У 2024 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй дасягнуў рэкорднай адзнакі ў 57,6 млрд долараў, павялічыўшыся на 7,4% у параўнанні з 2023-м.

Падзяліцца: