Мінск 18:50

У Беларусі пабудавана менш за траціну запланаваных да 1 кастрычніка прафілакторыяў для цялят

Ілюстрацыйнае фота: Amber Kipp / unsplash.com

3 жніўня, Позірк. У Беларусі пабудаваны 161 прафілакторый для цялят з 528 запланаваных, заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў 3 жніўня Аляксандру Лукашэнку, паведамляе прэс-служба апошняга.

Згодна з пастановай Савета міністраў № 126 ад 18 сакавіка 2026 года, усе аб’екты маюць быць гатовыя да 1 кастрычніка. Такім чынам, праз 4,5 месяца пасля прыняцця рашэння і за 2 месяцы да вызначанага тэрміну выканана 30,5% плана.

Да пачатку другога месяца восені, апрача непасрэдна будаўніцтва прафілакторыяў, мае быць уведзенае ў эксплуатацыю ўсё неабходнае тэхналагічнае абсталяванне.

26 красавіка ў Петрыкаўскім раёне (Гомельская вобласць) Лукашэнка звярнуў увагу падначаленых на тое, што ў Беларусі маецца “вялікая колькасць драўніны”, якая “часам проста парахнее”.

Палітык выказаў меркаванне, што гэты рэсурс мог бы быць выкарыстаны ў тым ліку для будаўніцтва згаданых аб’ектаў: “Ён (прафілакторый. — Позірк.) прастаіць на 20% менш паводле тэрміну, чым металічны, але пабудуем новы”.

Лукашэнка падкрэсліў, што за ўласныя сродкі гаспадаркі могуць будаваць “палацы” для цялят. “Калі за свае грошы, я буду вітаць дарагія “палацы” для гэтых малых”, — сказаў ён.

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы (БРЖ; каровы, быкі ды інш.) на 1 ліпеня 2026 года склала 3.841.107 галоў — на 3,2% менш, чым на аналагічную дату 2025 года (3.970.080), паказаў праведзены Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Негатыўная дынаміка колькасці БРЖ адзначалася ва ўсіх рэгіёнах:

  • Брэсцкая вобласць — 844.972 (годам раней — 853.191; -1%);
  • Віцебская — 430.169 (480.897; -10,5%);
  • Гомельская — 549.725 (582.992; -5,7%);
  • Гродзенская — 674.328 (677.865; -0,5%);
  • Мінская — 890.186 (902.751; -1,4%);
  • Магілёўская — 451.727 (472.384; -4,4%).

Агулам па краіне колькасць кароў скарацілася да 1.347.792 (1.368.245; -1,5%):

  • Брэсцкая вобласць — 301.616 (300.821; +0,3%);
  • Віцебская — 151.838 (166.329; -8,7%);
  • Гомельская — 189.771 (195.234; -2,8%);
  • Гродзенская — 223.775 (223.615; +0,1%);
  • Мінская — 320.976 (320.754; +0,1%);
  • Магілёўская — 159.816 (161.492; -1%).

Пагалоўе БРЖ на канец 2025 года склала 3.900.272 галоў — на 3% менш, чым было годам раней (4.020.428).

Згодна з аналізам Позірку, зніжэнне пагалоўя БРЖ адзначаецца з пачатку 2019 года, калі ў краіне налічвалася 4 млн 336,7 тыс. галоў. На пачатак 2020 года іх было 4 млн 290,8 тыс., 2021-га — 4 млн 287,7 тыс., 2022-га — 4 млн 232,4 тыс., 2023-га — 4 млн 209,3 тыс., 2024-га — 4 млн 197,1 тыс., 2025-га — 4 млн 97,9 тыс.

Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам у ліпені 1994 года. На пачатак 1995-га пагалоўе БРЖ у краіне складала 5 млн 403,3 тыс.

Такім чынам, за час яго кіравання пагалоўе скарацілася больш як на чвэрць (-28,9%).

Падзяліцца: