Мінск 23:56

Украіна ўвяла санкцыі супраць беларускіх кампаній “Кідма Тэк” і “Тісса”

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі
Архіўнае відэа: The Guardian / стоп-кадр: "Позірк"

3 жніўня, Позірк. Санкцыі ў дачыненні да беларускіх ААТ “Кідма Тэк” (аграгарадок Усце, Аршанскі раён Віцебскай вобласці) і ТАА “Тісса” (Маладзечна, Мінская вобласць) зацверджаныя ўказам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага № 704/2026 ад 3 жніўня супраць кампаній, якія “пастаўляюць кампаненты для балістыкі і абслугоўваюць расійскі ВПК”.

Дакумент уводзіць у дзеянне прынятае напярэдадні рашэнне Савета нацыянальнай бяспекі і абароны ў дачыненні да 23 юрыдычных асоб (з РФ — 20, Беларусі — 2, Украіны — 1).

У дачыненні да абедзвюх беларускіх кампаній ужытыя наступныя захады: блакаванне актываў; поўнае спыненне гандлёвых аперацый і транзіту рэсурсаў; прадухіленне вываду капіталаў за межы Украіны; прыпыненне выканання эканамічных і фінансавых абавязацельстваў; поўная забарона на здзяйсненне здзелак з каштоўнымі паперамі; забарона перадачы тэхналогій і правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці ды інш.

На сайце “Кідма Тэк” пазначана, што арганізацыя займаецца распрацоўкай “тэлевізійных і цеплавізійных сістэм відэаназірання, сістэм апрацоўкі аэракасмічных здымкаў”, “сістэм аналізу даных і прыняцця рашэнняў на аснове штучнага інтэлекту”, “сістэм мадэлявання і навучання спецыялістаў з выкарыстаннем AR- і VR-тэхналогій”, “сацыяльна значных медыцынскіх праектаў”. Адзначаецца, што прадпрыемства “распрацоўвае, вырабляе і рэалізуе прадукцыю вайсковага і грамадзянскага прызначэння”.

У каталогу прадукцыі, з якой працуе кампанія, пазначаныя прыцэлы для стралковай зброі, бранятанкавай тэхнікі, тэлевізійныя і цеплавізійныя сістэмы; рабатызаваны агнявы комплекс “Берсерк”, зенітны ракетны комплекс “Трыа” (ЗРК “Страла-10”, ЗСУ-23-4 “Шылка”, рухомы пункт разведкі і кіравання), рэактыўная сістэма залпавага агню “Флейта”; згадваецца рамонт авіяцыйных і супрацьтанкавых кіраваных ракет.

Варта адзначыць, што “Кідма Тэк” ужо знаходзіцца пад санкцыямі Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Еўрасаюза, Канады, Новай Зеландыі, ЗША, Швейцарыі, Японіі.

На сайце кампаніі “Тісса” (назва прыведзеная на падставе звестак з Адзінага дзяржаўнага рэгістру) гаворыцца, што яна “працуе больш за 30 гадоў на медыцынскім, фармацэўтычным рынках” Беларусі, РФ, Казахстана і Еўрасаюза.

“Мы ажыццяўляем комплекснае праектаванне, вытворчасць і мантаж стацыянарных і перасоўных сродкаў абароны ад радыяцыйнага выпраменьвання, агароджвальных канструкцый для чыстых памяшканняў, вырабляем і пастаўляем медыцынскае абсталяванне, элементы будаўнічага дызайну і інтэр’еру. ТАА “Тісса” стварае складаныя, часта эксклюзіўныя рашэнні і пісьменна рэалізуе іх пры будаўніцтве сучасных медыцынскіх устаноў”, — паведамляе пра сябе прадпрыемства. Пра праекты, звязаныя з вайсковай прамысловасцю, не гаворыцца.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля цягам многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле даных журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю ў інтарэсах расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: