Мінск 17:35

Алімпіяднікі і медалісты змогуць без іспытаў ісці ў ВНУ на спецыяльнасць па “вайскова-патрыятычным выхаванні”

Члены вайскова-патрыятычнага клуба "На варце", створанага на базе Дзяржынскага дзяржаўнага каледжа
Ілюстрацыйнае фота: партал Дзяржынскага раёна (Мінская вобласць)

19 лютага, Позірк. Напрамак “Фізічная культура. Вайскова-патрыятычнае выхаванне” дададзены ў пералік спецыяльнасцяў, на якія не трэба здаваць іспыты пры паступленні ў ВНУ, вынікае з пастановы Міністэрства адукацыі № 31 ад 10 лютага.

Згодна з дакументам, апублікаваным 18 лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, на гэту спецыяльнасць могуць ісці без іспытаў пераможцы трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па пэўных навучальных прадметах, а таксама ўладальнікі залатога або срэбнага медаля, альбо дыплома аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі, скончанай на выдатна (пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі).

У Беларусі 24 спецыяльнасці, на якія можна паступаць без іспытаў. Сярод іх “Дашкольная адукацыя”, “Гісторыя”, “Музейная справа”, “Матэматыка”, “Фізіка”, “Інжынерна-педагагічная дзейнасць”.

Згодна з прэзентаваным 23 кастрычніка 2025 года дакладам “Дзеці без будучыні: мілітарызацыя дзяцінства ў Беларусі” аб’яднання BelPol і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), у Беларусі на дзяржаўным узроўні сфармаваная сістэма выхавання, “якая знішчае асобу дзіцяці і фармуе абсалютна адданага і паслухмянага раба дзяржавы”, для гэтага выкарыстоўваецца мілітарызацыя адукацыі.

У агульнаадукацыйных школах масава адкрываюцца спецыялізаваныя класы з вайсковым ухілам. Толькі ў Мінску да 2024 года былі адкрыты 173 вайскова-патрыятычныя класы.

Навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў 10-х і 11-х класах вывучаюць адмысловы прадмет — “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка”. Вывучаецца тэма “Асновы вайсковай справы”, на якую адведзена 42 навучальныя гадзіны (у 2024/2025 навучальным годзе колькасць гадзін была павялічаная ўдвая).

Каб арганізаваць навучанне вайсковай справе, гаворыцца ў дакладзе, Міністэрства адукацыі да 2024/2025 навучальнага года закупіла для сярэдніх школ 191 мультымедыйны цір, каб кожны вучань мог трэніравацца ў стральбе.

Пасады кіраўнікоў па вайскова-патрыятычным выхаванні (ваенрукаў) уведзеныя ў кожнай установе агульнай сярэдняй, а таксама спецыяльнай сярэдняй адукацыі.

Падзяліцца: