Рэстаўрацыя касцела на Кальварыйскіх могілках у Мінску пачнецца ў снежні — СМІ
14 кастрычніка, Позірк. Рэстаўрацыю касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках у Мінску плануецца распачаць 1 снежня 2026 года і завяршыць да лістапада 2027-га, паведамляе Katolik.life са спасылкай на аб’яву аб конкурсе на выбар генеральнага падрадчыка прац.
Яго абвясціла дзяржаўнае прадпрыемства “Мінская спадчына”, ва ўласнасці якога знаходзіцца храм.
У будынку касцёла, узведзеным у 1841 годзе, збіраюцца адрэстаўраваць фасады і памятныя дошкі, замяніць дах, вокны і дзверы з аднаўленнем іх гістарычнага выгляду. Запланаваныя замена падлогі, дэмантаж з наступным аднаўленнем подыума алтарнай часткі, агароджы і апор хораў.
Паводле ацэнкі выдання, маштаб работ можа зрабіць немагчымым правядзенне набажэнстваў у храме на час рэканструкцыі і парафіянам “давядзецца шукаць іншае месца для малітвы”. Афіцыйнай інфармацыі пра закрыццё касцёла пакуль няма.
Акрамя будынку касцёла, праект прадугледжвае рэканструкцыю шасці капліц-пахавальняў і ўваходных брам могілак. Прыкладны кошт работ складае 7,3 млн рублёў, якія будуць фінансавацца з гарадскога бюджэту.
Рэканструкцыю планавалася правесці ў 2025 годзе, аднак тэрміны былі перанесеныя, паведамляў Katolik.life. “Архітэктурна-планіровачная канцэпцыя рэканструкцыі з рэстаўрацыяй капітальных будынкаў” была вынесена на грамадскае абмеркаванне ў лютым 2024-га.
Гэта не першы каталіцкі храм у Мінску, працами на якім займаецца “Мінская спадчына”. Напрыканцы верасня стала вядома, што тэрмін завяршэння рамонту касцёла святых Сымона і Алены (Чырвонага касцёла) перанесены са студзеня 2027 года на 30 красавіка 2028-га.
Храм зачынены з 26 верасня 2022 года пасля пажару, які, паводле афіцыйнай версіі, адбыўся праз праблемы з электраправодкай. У кастрычніку таго ж года ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстання будынкам з каталіцкай парафіяй.
Абставіны закрыцця касцёла і наступныя дзеянні чыноўнікаў выклікалі падазрэнні ў выкарыстанні сітуацыі для ціску на каталіцкую супольнасць.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаУ васьмі банках новаўвядзенні ў працы з кліентаміМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ГрамадстваУ Беларусі амаль 4 тыс. аптэк, каля паловы — дзяржаўныяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаАдмоўнае сальда знешняга гандлю інвестыцыйнымі таварамі за восем месяцаў вырасла ў 1,8 разаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
