Мінск 10:11

Ціханоўская: Беларускія ўлады заклікаюць жанчын нараджаць, але пасля нараджэння дзіцяці многія сутыкаюцца з фінансавай ямай

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

14 кастрычніка, Позірк. У месцах пазбаўлення волі ў Беларусі застаецца 113 жанчын са статусам палітычных зняволеных, не менш за 14 з іх маюць непаўналетніх дзяцей, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з нагоды Дня маці.

Паводле слоў палітыка, быць маці — “адна з самых складаных і адначасова самых важных і каштоўных задач, з якой сутыкаюцца жанчыны“.

Ролю маці яна назвала “тытанічнай працай, у якой няма выходных, перапынкаў і адпачынку”.

“Беларускія ўлады заклікаюць жанчын нараджаць, але пасля нараджэння дзіцяці многія сутыкаюцца з фінансавай ямай, — адзначыла Ціханоўская. — Падчас дэкрэта выплата па доглядзе першага дзіцяці складае 35% сярэдняга заробку, а калі жанчына вырашае вяртацца да працы, то часта сутыкаецца з прапановамі звольніцца, пераносамі працоўных месцаў або складанасцямі з пошукам працы”.

На яе думку, у Беларусі многія маці “адчуваюць трывогу за будучыню сваіх дзяцей, за іх бяспеку і свабоду”. Нягледзячы на гэта, яны “працягваюць быць для сваіх дзяцей апорай, даваць ім любоў, клопат і адчуванне бяспекі”.

“Менавіта таму яшчэ важней зноў і зноў паўтараць: дзякуй. Дзякуй за вашу любоў, цярпенне і сілу. За тое, што вы захоўваеце ў дзецях веру ў дабро, свабоду і справядлівасць, нават калі вакол часта адбываецца зусім іншае. І я цалкам упэўненая, што вашыя дзеці вырастуць у выдатных дарослых, якія зробяць Беларусь лепшай”, — рэзюмавала Ціханоўская.

Дзень маці адзначаецца ў Беларусі 14 кастрычніка, у гэты ж дзень праваслаўная царква святкуе Пакроў Прасвятой Багародзіцы.

За тры гады колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту зменшылася ў Беларусі на 46 тыс. — даныя Белстата

Апублікавана на адкрытай версіі "Позірку" 11 кастрычніка ў 18:21. 11 кастрычніка, Позірк. У Беларусі на 1 студзеня 2026 года пражывала 4.045.100 жанчын ва ўзросце 18 гадоў і старэй, гаворыцца ў аглядзе Нацыянальнага статыстычнага камітэта да Тыдня бацькоўскай любові (14–21 кастрычніка). …
Падзяліцца: